БЕЛ Ł РУС

У выніку пажару на «Кераміне» аб'ём вытворчасці заўважна ўпадзе. А ўзгаранне магло быць ускосным наступствам санкцый

18.07.2025 / 10:41

Nashaniva.com

15 ліпеня гарэў керамінаўскі цэх №3, у якім робяць керамічную і керамагранітную плітку. Гарэў усяго 20 хвілін, але тушылі яго 22 пажарныя экіпажы — 110 чалавек. Улады кажуць, што работы пасля пажару аднавілі, але наяўная інфармацыя дазваляе сцвярджаць, што еўрапейскаму гіганту будаўнічай прамысловасці нанесеная вялікая шкода.

Пажар на «Кераміне» 15 ліпеня 2025 года. Фота: minsk.mchs.gov.by

Мінскі «Керамін» — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па вырабе керамічнай і керамагранітнай пліткі ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Танная беларуская працоўная сіла, танная (да 2022 года) украінская гліна, танны расійскі газ і якасная заходняя тэхніка дазвалялі прадпрыемству квітнець. 

Створаны яшчэ ў СССР, завод перажыў некалькі хваляў мадэрнізацыі ў незалежнай Беларусі. 

Сэрца працэсу — у гідраўлічных прэсах, якія манатонна, некалькі разоў на хвіліну і 24 гадзіны на суткі, з тысячатоннай сілай абрынаюцца на формы з керамічным парашком, схопліваючы яго ў плітку. 

Паўфабрыкат пліткі выязджае з-пад прэса на новай лініі. Фота: скрыншот БТ

Пасля ўжо іншыя станкі наносяць на плітку фарбу і грузяць для апякання ў печку.

Гідраўлічны прэс — гэта самая дарагая частка ва ўсёй неабходнай для вырабу пліткі лініі. Кожны прэс у суткі выдае дзясяткі тысяч плітак. Такой тэхнікі ў Беларусі не вырабляюць.

«Керамін» — і гэта было прадметам гонару прадпрыемства — карыстаўся прэсамі італьянскай кампаніі SACMI. Гэта адзін з сусветных лідараў у гэтай сферы.

Колькі ўсяго прэсаў у распараджэнні «Кераміна», можна зразумець са справаздач на сайце вытворцы.

У 2019-м, годзе апошняй пастаўкі двух новых прэсаў, SACMI паведамляла, што з улікам закрытай угоды на беларускім заводзе ўсяго будзе 8 італьянскіх прэсаў.

Ведаючы гэтую інфармацыю і наклаўшы яе на афіцыйную зводку пра наступствы ўзгарання, мы можам ацаніць маштаб шкоды.

Што гарэла на «Кераміне»

Дырэктар «Кераміна» Аляксандр Пашко паведамляў журналістам АНТ, што «адбылося ўзгаранне гідраўлічнага прэса», і прызнаваўся, што «такога не было за ўсю гісторыю прадпрыемства». 

Іншыя дзяржСМІ стрымана абмежаваліся толькі паведамленнямі пра «аварыйны рэжым работы тэхналагічнага абсталявання». 

Пажарнік тушыць цэх №3. Фота: minsk.mchs.gov.by

Гарэла не абы-што, а сэрца «Кераміна» — прэс SACMI, імаверна, мадэлі PH4800. 

Негарэлы прэс PH-4800 на заводзе ў Азіі, від спераду. Фота: сацсеткі

Па словах работнікаў цэха, якіх цытуе АНТ, пажар здарыўся знянацку. «Працаваў, раптам пасвятлела, абарочваюся — гарыць, ужо па столі паўзе», — сказаў АНТ адзін з работнікаў. 

Следчы камітэт завёў крымінальную справу і ўдакладніў, што «крыніца [узгарання] знаходзілася ў адной з помпаў, у якой адбыўся выцек алівы». 

Такім чынам, прынамсі, адзін прэс згарэў знутры. Гэта мы бачым і на фота МНС. 

Пажарнікі скончылі работу і аглядаюцца. Фота: minsk.mchs.gov.by

Літаральна за дзесяць метраў ад крыніцы ўзгарання стаіць іншы гідраўлічны прэс. Яны металічныя, і візуальна складана вызначыць ступень пашкоджанняў, але малаімаверна, каб другі прэс перанёс высокую тэмпературу побач і заліванне пенай без істотных пашкоджанняў. 

Фота: minsk.mchs.gov.by

Ацаніць стан наступнага ў лініі, трэцяга прэса, а таксама іншых прылеглых элементаў вытворчай лініі, не маючы доступу да месца, немагчыма. 

Але нават па мінімальнай планцы шкоды, калі маглі выйсці з ладу два гідраўлічныя прэсы, можна канстатаваць, што за 20 хвілін у выніку пажару ў цэху №3 магчымасці «Кераміна» прэсаваць плітку скараціліся — калі механічна адымаць ад 8 наяўных прэсаў, то на 25%.

За год «Керамін» выпускаў да 16 мільёнаў квадратных метраў пліткі, што выводзіла яго на другое месца сярод усходнееўрапейскіх вытворцаў пасля расійскай групы Unitile. Пасля пажару ён па выніках 2025 года, імаверна, апусціцца на трэцяе месца, прапусціўшы наперад польскую Opoczno.

Фота: БелТА

Ці магчыма хутка замяніць або адрамантаваць сапсаванае ці знішчанае ў пажары абсталяванне? Наўрад ці. Пасля пачатку масавых рэпрэсій у Беларусі італьянская SACMI спыніла не толькі пастаўкі новага абсталявання на гэтае вялікае дзяржаўнае прадпрыемства, але і абслугоўванне старога.

Магчыма, што сама аварыя здарылася толькі праз адсутнасць належнай тэхпадтрымкі: у 2022 годзе тэлеканал СТБ перадаваў, што праз адмову італьянцаў супрацоўнічаць новымі пастаўшчыкамі дэталяў для планавай замены расходнікаў стануць Кітай, Індыя і Турцыя.

Фота: скрышнот БТ

Замену арыгінальных расходнікаў азіяцкімі копіямі санкцыянаваў Дзмітрый Пятруша, які да 2024 года быў дырэктарам «Кераміна». Той самы Пятруша, які ў 2020-м беспаспяхова спрабаваў спыніць выкананне песні «Перамен» у Кіеўскім скверы сталіцы.

Фота: скрыншот ctv.by

Чытайце таксама. Гістарычныя кадры. Кіраўнік Цэнтральнага раёна Пятруша спрабуе спыніць «Перамены» ВІДЭА

Работнікі «Кераміна», як і іншых мінскіх прадпрыемстваў, актыўна ўдзельнічалі ў спробе аднаўлення законнасці ў краіне ў 2020-м.

«Мінск, завод «Керамін» выйшаў на вуліцу каля свайго прадпрыемства. Шмат людзей з кветкамі, машыны сігналяць», — паведамлялі чытачы «Нашай Нівы» 13 жніўня 2020 года. 

«Да пратэстуючых супрацоўнікаў далучылася кіраўніцтва прадпрыемства», — паведамляў «Спутнік». 

«Керамін» пасля гэтага не абышлі ідэалагічныя чысткі і рэпрэсіі. У 2021-м кіраўніком прадпрыемства прызначылі Пятрушу. У 2025-м яго перавялі на пасаду намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула