БЕЛ Ł РУС

Вялікабрытанія назвала імёны 18-ці пуцінскіх шпіёнаў

18.07.2025 / 18:51

Nashaniva.com

Вялікабрытанія апублікавала спіс з 18 супрацоўнікаў расійскай вайсковай разведкі (ГРУ), супраць якіх уведзеныя санкцыі. Яны абвінавачваюцца ў шпіянажы, кібератаках, дыверсіях і арганізацыі злачынстваў як на тэрыторыі Вялікабрытаніі, так і ў іншых краінах Захаду, піша The Moscow Times.

Гэта першы такі крок пры новым міністры замежных спраў Дэвідзе Лэмі і частка ўзмацнення адказу на гібрыдную вайну Расіі, якую, як упэўненыя брытанскія ўлады, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вядзе з мэтай пашырэння хаосу ў Еўропе.

Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі, 12 афіцэраў з вайсковай часці 26165, вядомай як хакерская група APT 28 / Fancy Bear. Двое з іх — Іван Ермакоў і Аляксей Лукашаў — узламалі тэлефон Юліі Скрыпаль яшчэ да яе атручвання ў 2018 годзе. Яны таксама знаходзяцца ў вышуку ФБР за ўмяшальніцтва ў выбары ў ЗША.

Гэтая ж часць дапамагала ў анлайн-разведцы падчас расійскай атакі на драматычны тэатр у Марыупалі, нягледзячы на надпіс «ДЗЕЦІ» побач з будынкам. У выніку загінулі сотні мірных людзей.

Пад санкцыі трапілі таксама вайсковыя часці 74455 і 29155, якія датычныя да выбухаў на складзе зброі ў Чэхіі і Балгарыі, арганізацыі забойстваў, у тым ліку справы Скрыпалёў, а таксама да набору наймітаў у Афганістане для атак на кааліцыйныя сілы да іх вываду ЗША з гэтай краіны.

Міністр Дэвід Лэмі заявіў, што Расія не павінна сумнявацца — Захад бачыць яе дзеянні і не збіраецца маўчаць. Брытанскія ўлады падкрэсліваюць: гібрыдныя пагрозы Крамля не зламаюць падтрымку Украіны і ўмацавання бяспекі Еўропы.

Акрамя таго, Associated Press апублікавала даныя пра больш чым 70 выпадкаў гібрыдных нападаў з боку Расіі, яе саюзнікаў ці прарасійскіх структур — гэта шпіянаж, падпалы, кібератакі, дыверсіі, выкарыстанне мігрантаў для дэстабілізацыі, прапаганда і нават спробы забойства.

Адзін з інцыдэнтаў — падпал склада ва ўсходнім Лондане, які належаў украінскай кампаніі. Яго арганізаваў брытанец, завербаваны расійскай разведкай. Суд прызнаў вінаватымі ў гэтым злачынстве пяць чалавек.

Чытайце таксама:

Ізраіль шакаваны сеткай іранскіх шпіёнаў, якія дзейнічалі ў краіне

«Вагнер» завербаваў людзей у Лондане, каб тыя выкралі расійскага бізнэсмена Чычваркіна. Адзін з іх перапісваўся з «Minsk KGB»

Літоўскі сябар Ксеніі Лебедзевай, які сеў за шпіянаж, просіць абмяняць яго на беларускіх палітвязняў

Польская пракуратура патрабуе пастрожыць прысуд беларусу за шпіянаж

У Польшчы чарговага беларуса асудзілі за шпіянаж. Але сядзець яму ўжо нядоўга

Каментары да артыкула