Хлопцу з Брэста няма і 15-ці, а ў яго ўжо 52-гі памер нагі і рост больш за 2 метры
На мінулым тыдні брэсцкі праект «Інавацыі спорту», які займаецца трэнінгамі на каардынацыю спартсменаў, у сваім інстаграм-акаўнце на 205 тысяч падпісчыкаў расказаў пра незвычайную антрапаметрыю аднаго са сваіх падапечных — баскетбаліста Іллі Шведа. У жніўні хлопцу споўніцца толькі 15, але ўжо сёння ён мае 52,5 памер нагі, піша Tribuna.com.
Ілля Швед. Так выглядае красовак гульца — і гэта не нейкі камедыйны інвентар. Фота: / instagram.com/coordination_sportlab, belarus.basketball
Выхаванец брэсцкага баскетбола гуляе на пазіцыі форварда і апроч вялікай ступні вылучаецца сярод аднагодкаў ростам.
Вось фота з найлепшымі баскетбалістамі першынства юнакоў 2009-2010 года нараджэння ў Гомелі ў красавіку. Там Ілля выступаў за каманду Брэсцкай вобласці і трапіў у сімвалічную пяцёрку турніра.
А вось кадр з «фіналу чатырох» чэмпіянату Беларусі ў той жа ўзроставай катэгорыі ў траўні. Тут Швед выступаў ужо за «Прынямонне» з Гродна, куды перабраўся восенню 2024 года, і быў прызнаны самым выніковым баскетбалістам у спаборніцтве, у якім яго каманда стала пераможцам.
Яшчэ Швед выступае за зборную Беларусі U-16 (так, у няпоўныя 15) — і там, калі верыць вачам, ён самы высокі.
Магчыма, дзесьці ў Беларусі і адшукаецца большы юніёр, але менавіта Швед ужо цяпер можа пахваліцца дэбютам у дарослым чэмпіянаце Беларусі: 10 матчаў у сезоне-2024/25 і 20 пунктаў у складзе «Гродна-93-ГрДУ» — гэта моладзевая каманда пераможцы апошняга ЧБ «Гродна-93», якая заняла агульнае 7-е месца ў апошнім турніры (так, юнакі гуляюць разам з дарослымі).
Праз досвед на дарослым узроўні рост Шведа адлюстраваны на сайце БФБ. І цяпер мы ведаем, што габарытамі ён вылучаецца не толькі сярод аднагодкаў: ажно 203 сантыметры — гэта найвялікшы паказчык у моладзевай камандзе «Гродна-93». Бліжэйшыя «пераследвальнікі» Кірыл Ткачэнка і Дзмітрый Навуменка меншыя на 1 см, але яны старэйшыя: першаму 16 гадоў, другому 21.
Калі ж падсумаваць звесткі па ўсіх камандах з таго ж сайта БФБ, то ў свае 14 Швед ніжэйшы толькі за дзевяцярых баскетбалістаў чэмпіянату Беларусі. Вышэйшыя за маладога берасцейца шасцёра суайчыннікаў (сярод іх два аднаклубнікі з асновы «Гродна-93») і тры легіянеры. Усе яны на некалькі гадоў, а то і не на адно дзесяцігоддзе старэйшыя за Шведа:
- Уладзіслаў Мароз («Мінск», форвард, беларус, 24 гады) — 210 см;
- Глеб Бігун («Мінск», форвард, беларус, 21 год) — 209 см;
- Мікіта Шчурат («Барысфен», форвард, расіянін, 22 гады) — 209 см;
- Кірыл Вінакураў («Гродна-93», цэнтравы, беларус, 25 гадоў) — 207 см;
- Канстанцін Паско («Мінск», форвард, беларус, 22 гады) — 206 см;
- Жаэль Бандамба («Гомельскія рысі», цэнтравы, кангалезец, 22 гады) — 205 см;
- Нікола Джурыч («Гродна-93», цэнтравы, серб, 34 гады) — 204 см;
- Назар Фархадаў (РЦАП-СДзЮШАР, разыгрываючы, беларус, 19 гадоў) — 204 см;
- Антон Вашкевіч («Імпульс-БДУІР», цэнтравы, беларус, 31 год) — 204 см.
З кім яшчэ можна параўнаць Шведа? Высокіх любяць у валейболе. Напрыклад, у салігорскім «Шахцёры» адразу ў шасцёх ён вышэйшы, чым у Шведа. Самыя высокія — 26-гадовы беларускі дыяганальны Пятро Мінянкоў і 27-гадовы расійскі цэнтральны блакавальнік Кірыл Кранін — па 210 сантыметраў.
Пятро Мінянкоў
Можна меркаваць, што ўжо цяпер Швед уваходзіць у пералік самых высокіх спартсменаў Беларусі — а яму толькі-толькі споўніцца 15. Цікава, да якога паказчыка хлопец дарасце.
Чытайце таксама:
У гульнях за зборную Кітая дэбютавала 18-гадовая баскетбалістка з фенаменальным ростам
Упершыню з 2008 года змяніўся чэмпіён Беларусі па баскетболе
Міжнародная федэрацыя баскетбола працягнула адхіленне беларусаў ад міжнародных спаборніцтваў
Леброн Джэймс стаў першым гульцом у гісторыі НБА, які набраў 50 000 балаў за кар'еру