БЕЛ Ł РУС

У авіякатастрофе ў Амурскай вобласці ніхто не выжыў

24.07.2025 / 15:28

Nashaniva.com

На борце самалёта Хабараўск — Тында, што разбіўся сёння ў Амурскай вобласці Расіі, знаходзіліся 49 чалавек: 43 пасажыры і шэсць членаў экіпажу.

Скрыншот відэа ТАСС

«Усе асобы, што знаходзіліся на борце паветранага судна, загінулі», — заявіла афіцыйная прадстаўніца СК Расіі Святлана Пятрэнка.

СК распачаў крымінальную справу па артыкуле аб парушэнні правілаў руху і эксплуатацыі паветранага транспарту, што па неасцярожнасці пацягнула смерць больш чым двух асоб.

На борце знаходзіліся 49 чалавек: 43 пасажыры і шэсць членаў экіпажу.

Борт накіроўваўся па маршруце Хабараўск — Благавешчанск — Тында. На пошукі адправілі экстранныя службы. Пазней абломкі самалёта знайшлі за 15 км ад Тынды.

Паводле звестак РБК, гаворка ідзе пра самалёт авіякампаніі «Ангара». Baza піша, што самалёт Ан-24 рыхтаваўся да пасадкі, але не здолеў прызямліцца з першага разу, таму лайнер пайшоў на другі круг, пасля чаго сувязь з ім знікла. Паводле папярэдняй інфармацыі, на борце самалёта знаходзіліся 43 пасажыры, у тым ліку пяцёра дзяцей, а таксама шэсць членаў экіпажа.

Ан-24 быў выраблены амаль 50 гадоў таму, сертыфікат лётнай прыдатнасці яму падоўжылі да 2036 года. У Расавіяцыі паведамілі ТАСС, што з 2018 года судна трапіла ў чатыры авіяінцыдэнты. Пры гэтым, паводле сцвярджэння авіякампаніі, самалёт прайшоў праверку перад вылетам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула