БЕЛ Ł РУС

Што рабіць, калі чалавека пакусала гадзюка?

27.07.2025 / 8:17

Nashaniva.com

Любую незнаёмую змяю эксперты раяць па змоўчванні лічыць ядавітай. Парады па аказанні першай дапамогі пры ўкусе гадзюкі выданню «Мінск-Навіны» пераказаў судовы эксперт Яўген Малюк.

Гадзюка. Фота: сацсеткі

Змяіны яд здольны не толькі забіваць, але і вылечваць, аднак у якасці лекаў яго выкарыстоўваюць толькі ў апрацаваным выглядзе. Напрыклад, яд кобры дапамагае здымаць боль і спазмы.

«Укус гадзюкі — яе ахоўная рэакцыя. Рэптылія наносіць удар, шырока раскрыўшы пашчу. У момант укусу атрутныя залозы вылучаюць порцыю яду, і ён праходзіць у скуру чалавека па асаблівых каналах з унутранага боку зубоў змяі.

Гэта доўжыцца не больш за секунду. На целе застаюцца дзве маленькія, амаль непрыкметныя дзірачкі-паглыбленні. Гадзюка можа кусаць да 4-5 разоў запар», — кажа Малюк.

Яд гэтай змеі даволі моцны, але не смяротны. Ён не ўтрымлівае нейратаксінаў, якія ўплываюць на галаўны мозг чалавека, аднак аказвае гемарагічнае і некратызуючае ўздзеянне.

У месцы ўкусу адбываецца разбурэнне форменных элементаў крыві. Паступова гэта дзеянне распаўсюджваецца на бліжэйшыя тканіны — літаральна на вачах расце пухліна, якая трымаецца 1,5-2 тыдні.

Часта на яд змеі арганізм рэагуе неадкладнай рэакцыяй: развіваюцца анафілактычны шок, ацёк Квінке. Вельмі небяспечна, калі гадзюка кусае чалавека ў вобласць сэрца або шыі. Калі своечасова не будзе аказана меддапамога, можна памерці ад удушша — ацёк у вобласці шыі сцісне трахею. У гэтым выпадку трэба тэрмінова звярнуцца ў лячэбную ўстанову.

Чалавеку, якога ўкусіла змяя, неабходна аказаць неадкладную дапамогу:

  1. абезрухоміць канечнасць пры дапамозе павязкі або лангеты;
  2. прадэзынфікаваць рану перакісам вадароду, хлоргексідзінам або слабым растворам марганцоўкі;
  3. накласці на рану павязку з чыстай тканіны або бінту, умерана сціскаючы ўсю канечнасць (палец павінен свабодна пранікаць пад яе паверхню і не ствараць для пацярпелага дыскамфорту);
  4. астудзіць месца ўкусу;
  5. для зніжэння сімптомаў інтаксікацыі пацярпелы павінен як мага больш піць;
  6. пры спыненні дыхання і сардэчнай дзейнасці выканаць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца.

Пры ўкусе змяі катэгарычна забаронена:

  1. разразаць месца ўкусу крыжападобна або выразаць пашкоджаны ўчастак;
  2. прыпальваць ранку распаленымі на агні прадметамі, вуглямі ад вогнішча або порахам;
  3. накладваць тугі жгут вышэй за месца ўкусу;
  4. прымаць алкаголь (ён запавольвае вывядзенне яду з арганізма).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула