БЕЛ Ł РУС

«Не спалі ўсю ноч». Што адбываецца ў двары ў Мінску, дзе збілі дрон

29.07.2025 / 12:14

Nashaniva.com

Уначы 29 ліпеня ў Мінску ўпаў беспілотнік. Tochka.by з'ездзіла на месца здарэння і пагутарыла з відавочцамі.

Жыхары шматпавярховіка па вуліцы Матусевіча, 72, кажуць пра тое, што адбылося ўначы, асцярожна, гледзячы адзін на аднаго. Да гэтага моманту інфармацыя яшчэ не была афіцыйна пацверджаная, таму людзі з асцярогай пераказвалі навіны.

Суседзі кажуць, што каля 02:00 чулі дзіўныя гукі, пасля чаго прыехалі аварыйныя службы. Людзі занепакоены — садок побач. Да 10:00 у двары ўжо амаль не заставалася слядоў здарэння.

Толькі адна сямейная пара сумна заклейвае шкло свайго аўтамабіля — ім не пашанцавала: на іх машыну ўпалі абломкі. Вокны іх кватэры выходзяць не ў двор, дзе ўсё адбывалася, а на супрацьлеглы бок. Таму пара ноччу не пачула шум.

«Нам патэлефанавалі ў 08:39 і сказалі, што нашу машыну пашкодзілі. Нявызначаная асоба. Напісалі заяву. Хто што кажа. Гэта ўжо потым мы даведаліся, што гэта быў беспілотнік», — расказалі ўладальнікі пацярпелага аўто.

Акрамя іх машыны, абломкі беспілотніка пашкодзілі яшчэ і суседнюю, побач прыпаркаваную.

У двары прыбіраецца дворнік. Калі ён прыйшоў, на месцы працавалі экстранныя службы, а тэрыторыя была агароджана.

«Кажуць, дрон урэзаўся. Нібыта на дах. Выратавальнікі здымалі. Машыны пашкодзіліся. Але я прыйшоў на працу, калі ўсё, па сутнасці, ужо прыбралі», — расказвае мужчына.

У вокны выглядаюць узрушаныя суседзі. У пад’езд спяшаецца пенсіянерка з торбамі. Толькі прыехала з лецішча — адразу да дачкі.

«Яна мне расказала, што тут такое тварылася! Увесь час ноччу не спалі. А бог яго ведае, што гэта было», — кажа пенсіянерка.

Інфармацыю аб беспілотніку ў Мінску пацвердзіла прэс-служба Міністэрства абароны: БПЛА быў збіты 29 ліпеня каля 02:00.

«У выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы 02:33 БПЛА ўпала ў раёне дома 72 па вуліцы Матусевіча Мінска. Пацярпелых няма», — паведаміла прэс‑служба Мінабароны.

Чытайце таксама:

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік

Мінабароны прызнала падзенне беспілотніка на Мінск

Каментары да артыкула