БЕЛ Ł РУС

«Самае старое» дзіця ў свеце нарадзілася з эмбрыёна, які быў замарожаны 30 гадоў таму

1.08.2025 / 11:26

Nashaniva.com

Хлопчык Тадэвуш стаў своеасаблівым рэкардсменам: яго эмбрыён быў замарожаны яшчэ ў 1994 годзе — задоўга да таго, як яго бацькі пайшлі ў пачатковую школу. Як так магло стацца?

Тадэвуш Даніэль Пірс нарадзіўся з эмбрыёна, які быў замарожаны ў 1994 годзе. Скрын відэа: TechM4-x / YouTube

Як паведамляе The Times, у сям'і 35-гадовай Ліндсі і 34-гадовага Ціма Пірсаў са штату Агаё (ЗША) 26 ліпеня гэтага года нарадзіўся хлопчык Тадэвуш, які развіўся з эмбрыёна, што быў замарожаны ў 1994 годзе.

Гэты эмбрыён быў створаны ў 1990-х гадах падчас працэдуры экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) для Лінды Арчард і яе тагачаснага мужа, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі зачацця. Тады было створана чатыры эмбрыёны: адзін прывёў да нараджэння дачкі, якой цяпер 30 гадоў, а тры астатнія былі замарожаныя для будучага выкарыстання.

«Я заўсёды вельмі хацела яшчэ адно дзіця. Я называла гэтыя эмбрыёны маімі трыма надзеямі», — падзялілася з выданнем цяпер 62-гадовая Арчард.

Як расказала жанчына, пасля разводу яна атрымала права на захоўванне эмбрыёнаў і з цягам часу даведалася пра магчымасць перадачы іх іншым сем’ям — праз спецыяльныя праграмы, якія часта каардынуюцца хрысціянскімі арганізацыямі. Яе эмбрыёны трапілі ў катэгорыю «цяжка прыстроіць» — звычайна гэта эмбрыёны, што даўно захоўваюцца або маюць меншыя шанцы на паспяховае выношванне.

Ліндсі і Цім Пірсы на працягу сямі гадоў спрабавалі зачаць дзіця, але безвынікова. Яны зарэгістраваліся ў праграме і атрымалі адзін з эмбрыёнаў Арчард.

«Роды былі няпростыя, але цяпер мы абое адчуваем сябе добра. Мы не збіраліся ставіць нейкія рэкорды — проста хацелі мець дзіця. Ён такі спакойны. Мы ў захапленні ад таго, што яго маем», — распавяла Ліндсі.

Для Лінды Арчард гэта таксама быў моцны эмацыйны вопыт: «Гэта ўсё выглядае нерэальна. Мне дагэтуль цяжка паверыць».

Чытайце таксама:

Вучоныя знайшлі, як зрабіць ЭКА больш выніковым — з дапамогай цукру

У наступныя 10 гадоў вучоныя спадзяюцца перамагчы бясплоднасць. Але гэтая тэхналогія нясе і новыя рызыкі

Блогер паказаў, за што аддаў 3 тысячы рублёў на партнёрскіх родах у Беларусі

Каментары да артыкула