БЕЛ Ł РУС

Памэла Андэрсан пачала сустракацца з вядомым галівудскім акцёрам, старэйшым за яе на 15 гадоў

31.07.2025 / 18:26

Nashaniva.com

Раман пачаўся пасля здымак новай стужкі. Яе спадарожнік яшчэ ўвосень прызнаўся, што закаханы.

Памэла Андэрсан і Ліям Нісан. Фота: Bryan Bedder / Stringer via Getty Images

Паводле выдання People, у Галівудзе з’явілася новая пара — Памэла Андэрсан і Ліям Нісан (ён атрымаў «Оскара» за ролю ў фільме «Спіс Шындлера»). Раней акцёры выканалі галоўныя ролі ў новай камедыі «Голы пісталет» (The Naked Gun), дзе Нісан сыграў лейтэнанта Фрэнка Дрэбіна-малодшага, а Андэрсан — яго каханую Бэт.

Зараз зоркі актыўна прасоўваюць новы фільм, які выйдзе ў шырокі пракат 1 жніўня. На чырвонай дарожцы ў Нью-Ёрку 28 ліпеня яны з’явіліся разам са сваімі дзецьмі: у 58-гадовай Андэрсан два сыны ад першага шлюбу з Томі Лі (Брэндан, 29, і Дылан, 27), у 73-гадовага Нісана — два сыны ад нябожчыцы Наташы Рычардсан (Майкл, 30, і Даніэль, 28).

Дылан Джагер Лі, Брэндан Томас Лі, Памэла Андэрсан, Ліям Нісан, Даніэль Нісан, Майкл Нісан, 28 ліпеня 2025 года. Фота: Kristina Bumphrey / Getty Images.

Наступнага ранку падчас удзелу ў праграме Today акцёры зрабілі выгляд, нібыта іх засталі за пацалункам у жывым эфіры. Раней, на прэм’еры фільма ў Лондане 22 ліпеня Андэрсан на чырвонай дарожцы пяшчотна пацалавала Нісана ў шчаку,

Памэла Андэрсан і Ліям Нісан. 22 ліпеня 2025 года. Фота: Jeff Spicer / Stringer via Getty Images

У інтэрв’ю для People ў кастрычніку 2024 года Ліям Нісан адкрыта прызнаўся:

«Шчыра кажучы, я па-вар'яцку закаханы ў яе. Яна проста выдатная ў працы. Я не стамляюся захапляцца ёю — скажу вам шчыра. Ніякага вялізнага эга. Яна проста прыходзіць і працуе. Яна вясёлая і вельмі лёгкая ў зносінах».

Андэрсан у сваю чаргу назвала Нісана «сапраўдным джэнтльменам» і дадала, што ён «раскрывае ў табе найлепшае праз павагу, дабрыню і глыбіню вопыту».

У інтэрв'ю Entertainment Weekly актрыса адзначыла, што лічыць Нісана сябрам на ўсё жыццё, дадаўшы: «У нас дакладна ёсць сувязь — вельмі шчырая, вельмі цёплая. Ён добры чалавек».

Фота: imdb.com

У маі Андэрсан падзялілася з журналістамі тым, што іх з Нісанам аб’ядноўвае любоў да літаратуры і пачуцця гумару. Падчас здымак яны часта праводзілі вячэры разам з асістэнтамі, захоўваючы «прафесійна-рамантычны» тон узаемаадносін.

Як доўга працягнуцца адносіны — пакажа час. Пакуль што, паводле People, са спасылкай на крыніцу з блізкага асяроддзя акцёраў, раман толькі пачынаецца.

«Ён шчыры, і відавочна, што яны закаханыя», — запэўнівае інсайдар.

Чытайце таксама:

Памэла Андэрсан рассталася з мужам ужо праз 12 дзён шлюбу

У парламенце Францыі з-за Памэлы Андэрсан пабіліся журналісты

Памэла Андэрсан разышлася з чэмпіёнам свету па футболе. Розніца ва ўзросце складае 19 гадоў

Каментары да артыкула