БЕЛ Ł РУС

Еўропа ўсё больш схіляецца да дацкага падыходу ў міграцыйнай палітыцы, які раней крытыкавалі

31.07.2025 / 22:59

Nashaniva.com

Падыход Даніі да міграцыйнай палітыкі, які раней выклікаў шмат крытыкі, цяпер паступова атрымлівае падтрымку ў Еўрапейскім Саюзе. Як краіна, што цяпер старшынствуе ў Радзе ЕС, Данія прасоўвае сваю ідэю стварэння так званых цэнтраў вяртання — месцаў па-за межамі Еўропы, куды плануецца накіроўваць мігрантаў, якім адмовілі ў прытулку, піша Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Petros Giannakouris

Раней Капенгаген абвінавачвалі ў парушэнні правоў чалавека і міжнароднага права, але змена палітычных настрояў у Еўропе зрабіла жорсткі падыход да міграцыі больш прывабным для іншых краін.

Міністр міграцыі Даніі Корэ Дзюбвад адзначыў, што тры гады таму іхні падыход падтрымліваў толькі аўстрыйскі міністр, а цяпер колькасць прыхільнікаў вырасла. Ён падкрэсліў, што трэба дэмакратычна кантраляваць міграцыйныя патокі.

Хоць праект цяпер падтрымлівае і Еўракамісія, застаюцца нявырашанымі пытанні яго фінансавання і тэхнічнай рэалізацыі. Некаторыя праваабарончыя арганізацыі крытыкуюць ініцыятыву як неэтычную і дарагую для падаткацельшчыкаў.

У адказ Капенгаген сцвярджае, што такі жорсткі падыход — адзіны спосаб утрымаць уладу ў руках прагрэсіўна-ліберальных урадаў. А з улікам свайго старшынства ў Радзе ЕС і актуальнасці тэмы міграцыі ў Брусэлі Данія мае моцныя пазіцыі для прасоўвання свайго бачання палітыкі.

Чытайце таксама:

Трамп у Шатландыі: Еўропе пагражаюць ветракі і міграцыя

Працоўныя мігранты з Пакістана будуць падпісваць абавязальніцтва не ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі

У Еўропе нараджальнасць на гістарычна найніжэйшым узроўні. І нават прасямейная палітыка не дапамагае

Прыгарад Стакгольма, дзе арудуюць бандыты-падлеткі з ліку мігрантаў, стаў адным з самых небяспечных месцаў Еўропы

Грэцыя абвясціла часовую забарону на прытулак для ўцекачоў з Афрыкі — замест гэтага будуць адразу адпраўляць у турму

Каментары да артыкула