Трамп палохае Маскву атамнымі падлодкамі — эксперты баяцца новага Карыбскага крызісу
Прэзідэнт ЗША абвясціў пра перакідку дзвюх атамных падводных лодак у раёны, блізкія да Расіі. Гэта адказ на нядаўнія пагрозы былога прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, які назваў ультыматум Трампа па Украіне «крокам да вайны».
Дзмітрый Мядзведзеў. Фота: AP
На сваёй платформе Truth Social Трамп напісаў, што адказвае на «надзвычай правакацыйныя» словы Мядзведзева.
Гэты крок аналітыкі ўспрынялі як паварот Трампа ад ранейшага збліжэння з Крамлём. Яшчэ на старце свайго прэзідэнцкага тэрміну ён называў Уладзіміра Пуціна «добрым сябрам», цяпер жа яго рыторыка нагадвае часы халоднай вайны.
«Мядзведзеў кожныя некалькі месяцаў пагражае разбурыць амерыканскія гарады, а мы пастаянна гэта ігнаруем, таму рэакцыя Трампа — гэта даўно чаканае змяненне. Сёння і ў ЗША, і ў Расіі ёсць атамныя падводныя лодкі, размешчаныя недалёка ад межаў адна адной. Больш важным з'яўляецца новы тон Трампа ў рэагаванні на пагрозы», — заявіў у размове з Bild амерыканскі эксперт па знешняй палітыцы Джонатан Крыстал.
У той жа час былы супрацоўнік Пентагона Джым Таўнсэнд у інтэрв’ю Wall Street Journal заявіў, што «перамяшчэнне падводных лодак, безумоўна, пагаршае сітуацыю».
Спецыялісты па ядзернай бяспецы баяцца, што ў такой напружанай абстаноўцы нават выпадковая памылка можа прывесці да катастрофы. Доктар Алена Пятрова з Atlantic Institute назвала гэта «вельмі небяспечным момантам».
«Калі гаворка ідзе аб атамнай зброі, словы могуць мець рэальныя наступствы», — дадала яна.
Чытайце таксама:
У адказ на балбатню Мядзведзева Трамп загадаў перамясціць ядзерныя падводныя лодкі
Джо Байдэн сказаў пра цёмныя часы, якія пагражаюць Амерыцы з-за Трампа
Мядзведзеў прыгразіў ЗША вайной пасля таго, як Трамп скараціў тэрмін ультыматуму Пуціну
Трамп назваў Мядзведзева «былым прэзідэнтам-няўдачнікам» і параіў сачыць за словамі