БЕЛ Ł РУС

«Як быццам ездзіла сто гадоў»: брэсцкая байкерка перасела на фуру

4.08.2025 / 22:13

Nashaniva.com

25-гадовая дзяўчына з юных гадоў закаханая ў матацыклы, адвучылася на цалкам сур'ёзную прафесію юрыста, а потым пайшла ў дальнабойшчыцы. Ураджэнка горада Івацэвічы Наталля Калтуневіч, якая 8 гадоў жыве ў Брэсце, умее здзіўляць сваё атачэнне. Выданне «Першы» распытала яе пра двухгадовы досвед працы дальнабойшчыцай.

Наталля ўжо два гады працуе кіроўцам-міжнароднікам у польскай фірме. І гэта не першы раз, калі яна шакавала родных і блізкіх сваім выбарам. У 18 гадоў яна купіла свой першы матацыкл, чым, мякка кажучы, здзівіла бацькоў.

«Матацыкл — маё хобі. Яшчэ ў дзяцінстве я марыла, што калісьці ў мяне будзе матацыкл. Так і атрымалася, першы купіла ў 18 гадоў. Потым з гадамі мяняла на больш магутныя. Бацькі, вядома ж, былі ў шоку. Але яны ведаюць — як я вырашу, так і будзе. З часам ужо ўсе прывыклі», — кажа Наталля.

Наталля любіць матацыклы

Пасля вучобы на юрыста дзяўчына нядоўга папрацавала і вырашыла змяніць від дзейнасці. 

— Як адважыліся пайсці ў дальнабойшчыцы, чаму менавіта туды?

— Пасля першай працы я думала, у якую б мне сферу пайсці. У той час усе мае сябры-матацыклісты ішлі ў дальнабой. Я падумала, чаму б і мне не паспрабаваць. Здала на катэгорыю C, потым на Е. Ніякіх праблем наогул не было, усё здалося проста. Затым паехала ў Польшчу, адвучылася на «код 95», атрымала чып-карту. І ўсё, праз месяц пайшла працаваць па Еўропе дальнабойшчыцай.

Дальнабойшчыца Наталля Калтуневіч

Нейкіх складанасцяў у навучанні наогул не было, як быццам я ўжо ездзіла сто гадоў. Я думала, што мая сям'я паставіцца негатыўна да таго, што я выбрала сабе такую спецыфіку працы. Але бацькі мяне падтрымалі.

— А як мужчыны ўспрымаюць дзяўчыну-дальнабойшчыцу?

— Паколькі я вяду сацсеткі, я даволі папулярная асоба. Вядома ж, увагі шмат з боку мужчын. Шмат хто хоча пагутарыць, пазнаёміцца.

— Куды ездзіце?

— Я працую ў польскай фірме, маршрут у Іспанію, Партугалію. Гэта вельмі добрыя маршруты па Еўропе. Працую на «шторы». Важу тэхніку, адзенне з Іспаніі ў Польшчу.

Наталля ў Іспаніі

У кадэнцыю я заязджаю надоўга. Апошняя кадэнцыя была пяць з паловай месяцаў. Цяпер на мяжы вельмі вялікія коркі, вельмі доўга чакаць, таму не заязджаю. Вядома, можна самому сабе выбіраць графік працы.

Часам я заязджаю на два месяцы. Па-рознаму выходзіць. Таксама стараюся сабе выбіраць кадэнцыі, каб на лета я была дома, таму што ў мяне хобі — матацыкл. А яшчэ цяжка працаваць у Іспаніі летам, таму што там тэмпература даходзіць да 50 градусаў.

— Ёсць стэрэатып, што дальнабойшчыкі з-за руля нічога ў той Еўропе і не бачаць. А як у вас, ці ўдаецца адпачыць і пабачыць нейкія славутасці? Дзе бывалі?

— Вядома, гэта стэрэатып. У нас, як і ва ўсіх, ёсць выхадныя. Калі ведаеш, дзе будзе выгрузка або загрузка, можна запланаваць сабе паездку. Напрыклад, калі побач з морам, акіянам. Можна падабраць сабе паркінг, спыніцца на выхадныя і паехаць, альбо пайсці глядзець славутасці. Я бывала і ў Парыжы каля Эйфелевай вежы, і на Міжземным моры, Атлантычным акіяне. А ў Іспаніі і Партугаліі ўжо практычна ўсюды была.

Наталля ў Страсбургу ў Францыі

Эйфелева вежа ў Парыжы

Можа, хтосьці з дальнабойшчыкаў аддае перавагу проста сядзець у кабіне, але ёсць і тыя, хто за актыўны лад жыцця, падарожнічаюць. Кожны сам выбірае, як правесці выхадныя. Увогуле ёсць магчымасці, было б жаданне.

На ўзбярэжжы ў Барселоне, Іспанія

— У Польшчы і Літве працуюць дзясяткі тысяч дальнабойшчыкаў з Беларусі. Іх не бянтэжыць нават падвышаная плата за камуналку. А як вы лічыце, чаму моладзь ідзе менавіта ў фірмы ЕС, калі ў Беларусі не хапае некалькі тысяч кіроўцаў? Справа ў заробках?

— Вядома, больш за ўсё вырашае заробак. А таксама рэжым працы і адпачынку. Таму што на расійскім кірунку працаваць трэба больш. Калі ў Еўропе ты дакладна адпрацаваў свае гадзіны і адпачываеш, то ў Расіі такога не будзе. Заробкі дальнабойшчыкаў у ЕС цяпер ужо, напэўна, зраўняліся з Расіяй. На Кітай, напэўна, яшчэ больш плацяць.

Я працую ў Польшчы, стартуе заробак ад 78 і да 95 еўра за дзень. Гледзячы ў якой фірме працуеш, на кантэйнеры ці на бочцы, увогуле па-рознаму.

Дальнабойшчыца Наталля

— У якіх краінах вам больш за ўсё падабаецца ездзіць, а ў якіх — менш?

— Больш за ўсё падабаецца ездзіць у Францыі і ў Іспаніі. У Францыі таму, што там вельмі добрыя паркінгі, ёсць душ, туалет, усё чыста і акуратна. Інфраструктура на найвышэйшым узроўні. Цяжэй за ўсё, напэўна, у Германіі з-за пастаянных коркаў, аварый, рамонтаў. Ну і паркінгі не такія як у Францыі, шумныя.

— Якія незвычайныя сітуацыі бывалі?

— За два гады сур'ёзных здарэнняў не было. Была сітуацыя, што адчапіўся ў мяне ад цягача прычэп. Гэта была паломка сядла, маёй віны не было. Але сітуацыя не з прыемных. Гэта было на паркінгу, там утварыўся затор, пакуль адцягнулі цягач і прычэп. Адна такая сітуацыя з непрыемных была, а так звычайна ўсё добра.

— Як харчуецеся на працы?

— У дальнабоі я стараюся харчавацца правільна, займаюся яшчэ спортам. Тлустай ежы я не ем. Як правіла, я раблю закупкі ў Іспаніі, таму што я там часцей за ўсё бываю. Вядома ж, у Іспаніі вельмі смачныя садавіна, хамон (іспанскі нацыянальны далікатэс, сыравялены свіны кумпяк). Але, за два гады я зразумела, што ў нас, у Беларусі, самая смачная ежа.

Наталля Калтуневіч

— Вашы парады маладым людзям, якія толькі збіраюцца ісці ў дальнабой.

— Мне ў сацсетках часта пішуць і дзяўчаты, і хлопцы, з пытаннем, з чаго пачаць. Я, вядома ж, дзялюся парадамі. Галоўнае, калі чалавек вырашыў звязаць сваё жыццё з гэтай сферай, трэба адразу дзейнічаць. Адвучыўся на ўсе патрэбныя катэгорыі і паехаў працаваць, а не расцягваць гэта на доўгі час. Трэба не баяцца, верыць, што ты ўсё зможаш.

Калі мне пішуць дзяўчаты, думаюць, што не атрымаецца, гэта цяжка. Але цяпер у Еўропе вельмі шмат дзяўчат ездзіць. Гэтая прафесія ўжо не з'яўляецца нейкай незвычайнай для дзяўчыны, таму што нас ужо вельмі шмат.

— Якія планы на будучыню, што наконт сям'і? Прыйдзецца закінуць дальнабой ці мужа шукаць лепш у гэтай сферы?

— Планы на будучыню, вядома ж, будую. Я не збіраюся працаваць усё жыццё ў дальнабоі, гэта на некалькі гадоў. Вядома ж, хацелася б мне працаваць па сваёй спецыяльнасці.

Ці хацела б я, каб мой муж быў дальнабойшчыкам? Гэта ўжо як атрымаецца. Калі ён будзе зарабляць столькі ў іншай сферы, то хай займаецца тым, чым яму цікава. А яшчэ за час працы я зразумела, што мне лепш за ўсё ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Скандынавія прыцягвае беларуса: дальнабойшчык расказаў аб працы ў краі вікінгаў

«Я амаль заўсёды ў дарозе». Гісторыя бяздомнай беларускі, якая жыве ў падарожжах

Беларускі дальнабойшчык замовіў намаляваць герб родных Баранавіч перад Кёльнскім саборам

На заробкі ў Польшчу цяпер толькі з ДНЖ? Разабраліся, хто можа працаўладкавацца там па новых правілах

Каментары да артыкула