Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?
6 жніўня 2020 года гукарэжысёры Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў у Кіеўскім скверы Мінска ўключылі песню Віктара Цоя «Перамен». У той дзень там замест апошняга мітынгу аб'яднанага штабу ўлады праводзілі дзень адкрытых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі. Відэа таго моманту разляцелася па сацсетках, а фотаздымак дыджэяў стаў адным з сімвалаў пратэсту. Даведаліся, як жывуць мужчыны цяпер.
Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў у Кіеўскім скверы ў Мінску, 2020 год. Фота: «Наша Ніва»
Пасля здарэння ў Кіеўскім скверы мужчыны атрымалі па 10 сутак арышту і неўзабаве пасля вызвалення з’ехалі ў Вільню — візавую дапамогу ім аказала літоўскае пасольства.
Пра цяперашняе жыццё дыджэяў вядома няшмат — у апошнія гады ад інтэрв’ю мужчыны адмаўляюцца.
З адкрытых крыніц вядома, што Уладзіслаў жыве ў Літве і працягвае займацца музыкай. Увесну 2024 года ён разам з салісткай Ульянай Уладзіміравай выступаў на літоўскім шоу «Голас».
У 2025 годзе Уладзіслаў здымаў відэа вулічных канцэртаў віленскага гурта «Цімохі». І дапамагаў з апрацоўкай гуку літоўскай спявачцы Моніцы Банітэ.
Кірыл Галанаў таксама працягвае жыць у Літве. У Linkedin мужчыны пазначана, што з мая 2023 года ён працуе гукарэжысёрам на мерапрыемствах. Да таго чатыры месяцы мужчына спрабаваў сябе ў тэсціраванні праграм.
Мурал з «дыджэямі перамен» у Вільні. Фота: «Наша Ніва»
У 2021 годзе Галанаў каментаваў тое, што адбылося ў Кіеўскім скверы ў Мінску. Па яго словах, тады ён зрабіў «усё магчымае для таго, каб спыніць тое вар’яцтва ці прынамсі не быць яго часткай».
«Ёсць вельмі шмат прычын, чаму ў Беларусі ўсё прыйшло да глабальнай трагедыі, якая зараз толькі ўзмацняецца. Але галоўная, базавая прычына — гэта пачуццё безадказнасці. Абсалютна кожны чалавек уплывае на тое, што адбываецца, знаходзячыся на сваім месцы», — казаў ён тады Deutsche Welle.