У Польшчы хочуць увесці даведку аб несудзімасці і абавязковы псіхатэст для кіроўцаў таксі
У Польшчы плануюць зрабіць больш строгімі правілы для кіроўцаў, якія працуюць праз сэрвісы тыпу Uber і Bolt. У новым законапраекце, які распрацавалі дэпутаты ад партыі «Права і справядлівасць» разам з прафсаюзам таксістаў, прапануецца абавязкова патрабаваць даведку аб несудзімасці з краіны паходжання, а таксама праходжанне псіхалагічнага тэсту на польскай мове, піша the-warsaw.pl.
Фота ілюстрацыйнае
Акрамя таго, усе транспартныя сродкі, што выкарыстоўваюцца ў службах таксі, павінны праходзіць тэхагляд і быць абсталяваныя прыладамі для рэгістрацыі паездак.
Адна з аўтарак законапраекта, дэпутатка Анна Крупка, заявіла, што жанчыны ў Польшчы хочуць адчуваць сябе ў бяспецы падчас паездак у таксі, таму неабходна ведаць, хто сядае за руль. Яна прыгадала выпадак, калі кіроўцу з Грузіі, які працаваў праз мабільную праграму, абвінавацілі ў згвалтаванні пасажыркі.
Дэпутат Януш Кавальскі дадаў, што недапушчальна, каб таксі ў Польшчы станавіліся «прыстанішчам злачынцаў». Прафсаюзны лідар Павел Сатурскі заявіў, што існуюць арганізаваныя групы, якія масава завозяць іншаземцаў у Польшчу, каб тыя працавалі таксістамі, і гэта часта суправаджаецца парушэннямі.
Пры гэтым у Польшчы ўжо дзейнічаюць больш строгія, чым раней, правілы: усе кіроўцы, што працуюць праз мабільныя праграмы, павінны мець польскае пасведчанне кіроўцы. Кампаніі абавязаныя асабіста правяраць дакументы кіроўцаў, уключаючы фота, пасведчанне кіроўцы, даведку аб несудзімасці і іншыя неабходныя паперы. Інфармацыя пра кіроўцаў павінна захоўвацца пяць гадоў.
За парушэнні прадугледжаныя вялікія штрафы. Напрыклад, за арганізацыю перавозак без ліцэнзіі прадугледжаны штраф да 500 тысяч злотых (каля 125 тысяч даляраў), а за адмову паказаць кантрольную прыладу — да 12 тысяч злотых (каля 3245 даляраў). Максімальны штраф для кампаній і кіроўцаў можа дасягаць аднаго мільёна злотых (каля 250 тысяч даляраў).
Чытайце таксама:
«Эміграцыя адабрала ўсё». Айцішнікі незадаволены новай якасцю жыцця
Айцішнік, які зарабляў у Мінску 3000 еўра, працуе ў Польшчы ў дастаўцы прадуктаў і вельмі задаволены