БЕЛ Ł РУС

Самкі гарыл шукаюць у новых кампаніях сваіх знаёмых, як людзі на вечарынках

8.08.2025 / 18:21

Nashaniva.com

Навукоўцы высветлілі, што самкі горных гарыл, калі трапляюць у новыя групы, імкнуцца знайсці там знаёмых самак — падобна да таго, як людзі на вечарынках шукаюць знаёмыя твары. Гэта дапамагае ім адчуваць сябе ўпэўнена ў новай сацыяльнай абстаноўцы, бо ў чужой групе яны часта знаходзяцца на нізкім узроўні іерархіі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Такія высновы былі зробленыя на падставе даследавання, апублікаванага ў навуковым часопісе Proceedings of the Royal Society B. Яно базуецца на 20-гадовых назіраннях за перамяшчэннямі 56 самак горных гарыл.

Аказалася, што гарылы часцей далучаюцца да тых груп, дзе ўжо ёсць самкі, з якімі яны былі знаёмыя як мінімум 5 гадоў або бачыліся апошнія 2 гады.

Гэта сведчыць пра тое, што яны падтрымліваюць сацыяльныя сувязі, нягледзячы на ранейшыя перакананні, што гарылы не будуюць трывалых адносін паміж самкамі.

Цікава, што пры гэтым самкі стараліся не далучацца да груп, дзе былі знаёмыя з дзяцінства самцы — верагодна, каб пазбегнуць блізкароднасных сувязяў. Астатнія фактары, напрыклад памер групы ці колькасць самцоў у ёй, не мелі значэння.

Навукоўцы спадзяюцца, што гэта даследаванне дапаможа лепш зразумець не толькі паводзіны гарыл, але і чалавечыя сацыяльныя звычкі, бо людзі таксама на працягу жыцця мяняюць сацыяльнае асяроддзе.

Чытайце таксама:

Макакі арганізавалі крымінальны бізнэс. Вось як яны да гэтага прыйшлі

На Зямлі ёсць нябачная мяжа, якую жывёлы не перасякаюць. Вось чаму

Малпы ніколі не змогуць надрукаваць усяго Шэкспіра

Арангутан змог залячыць рану пры дапамозе лекавай расліны. Такое ў дзікай прыродзе адбылося ўпершыню

Каментары да артыкула