БЕЛ Ł РУС

«Ваша права — адысці з дыстанцыі». Латушка адказаў тым, хто крытыкуе дэмсілы

10.08.2025 / 17:57

Nashaniva.com

У другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь» Павел Латушка выступіў з прамовай, у якой звярнуўся да апанентаў дэмсілаў. «Хто прайграў свой бой, хто сам сабе панізіў планку, той выбывае», — кажа палітык.

Павел Латушка, Святлана Ціханоўская і Стася Гліннік на маршы ў Варшаве, 9 жніўня 2025 года. Фота: Офіс Ціханоўскай

Палітык пачаў прамову з закліку ўсвядоміць, што Лукашэнка выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб знішчыць дэмсілы:

«Лукашэнка ўсімі праўдамі і няпраўдамі, выкарыстоўваючы наймагутнейшы апарат сілы, рэпрэсій, выведкі, спрабуе знішчыць альтэрнатыву. І ў гэтым яму дапамагае Расійская Федэрацыя».

Латушка падкрэслівае, што дэмакратычная альтэрнатыва — костка ў горле для рэжыму:

«Гэтую костку ён хоча вырваць, таму што мы перашкаджаем яго планам, якія ён рэалізоўваў на працягу 31 года. А ў чым заключаецца яго план сёння? Яго план мы бачым у рэалізацыі і цягам гэтых пяці гадоў: пасадзіць у турмы нязгодных, выкінуць за мяжу тых, каго не ў стане пасадзіць, пазбавіць правоў, якія належаць грамадзяніну. Той, хто хоча працягваць жыць у краіне, павінен маўчаць альбо прыпаўзці на каленях і пакаяцца».

Латушка разважае, што пакуль рэжым такім чынам знішчае грамадскае асяроддзе, ён адначасова хоча дамовіцца з ЗША і Еўропай, каб яны забыліся на яго злачынствы. Так ужо было неаднойчы, але цяперашні грамадскі рух і дэмакратычныя інстытуты не дадуць рэжыму гэтага дамагчыся, лічыць Латушка.

Палітык згадаў інфармацыйны дысбаланс — маўляў, часам ёсць адчуванне, што галасы тых, хто за згоду з Лукашэнкам, мацнейшыя за тых, хто працягвае змагацца. На думку Латушкі, гэты дысбаланс вонкавы.

Каб прадэманстраваць гэта, ён прыводзіць прыклад з уласнага досведу:

«Да мяне часта ў розных гарадах Еўропы падыходзяць людзі, якія прыязджаюць з Беларусі, і падтрымліваюць. Гэта вельмі важна. Яны падыходзяць выпадкова, іх ніхто не прымушае, ніхто не арганізоўвае. (…)

Але праблема ў тым, што тыя, хто атакуе нас, атакуе ўсё больш гучна, больш адкрыта, дэманструючы сваю згодніцкую пазіцыю з рэжымам Лукашэнкі. Яны могуць гэта рабіць, таму што рэжым іх за гэта не пакарае. А нашы прыхільнікі часта з-за пагрозаў быць пакаранымі, на жаль, могуць сказаць нам гэта толькі ў вочы або на закрытых сустрэчах».

Часам, кажа Латушка, гучаць галасы, што дэмсілам увогуле трэба самараспусціцца:

«Уявіце сабе, мы разыдземся па розных кватэрах. Тады ўзнікае пытанне: дзе мы будзем выпрацоўваць аб’яднаную пазіцыю?

Калі рэжыму ўдасца знішчыць інстытуты, калі не будзе прэзідэнткі-элект, калі не будзе кабінета, калі не будзе Каардынацыйнай рады, калі не будзе «Белпола», «Сумленных людзей», народных амбасадаў, «Кіберпартызанаў», «Байсола» і шмат іншых арганізацый, бо гэта не ўпісваецца ў логіку тых, хто моцна атакуе нас, — тады будзе дасягнутая мэта, якая адпавядае выключна інтарэсам рэжыму дыктатара Лукашэнкі. У яго будзе чыстае поле для камунікацыі, для паўтарэння таго, што ён рабіў дзесяцігоддзямі».

Латушка выказаўся і наконт крытыкаў, якія лічаць мэты дэмсілаў занадта амбіцыйнымі:

«Я хачу адказаць на падобныя тэзісы адзін раз і больш не вяртацца. Хто прайграў свой бой, хто адмовіўся ад сваіх мэтаў, хто сам сабе панізіў планку, той выбывае. Марафон не для ўсіх, ваша права — адысці з дыстанцыі, але не спрабуйце тармазіць або спыняць астатніх».

Адрэзак марафону, на якім мы знаходзімся сёння, беспрэцэдэнтны, лічыць палітык. Не менш беспрэцэдэнтны і аб'ём вонкавага ціску на рэжым Лукашэнкі, гандлёвых і персанальных санкцый.

«Злачынствы Лукашэнкі ўжо ў фокусе ўвагі практычна ўсіх міжнародных інстытутаў правасуддзя, адказнасць яшчэ ніколі не была так блізка. І такой сістэмы палітычных інстытутаў, якую мы маем сёння, таксама не было ніколі ў дэмакратычным руху. Пагадзіцеся, з якім запалам ён спрабуе нас знішчыць. І не спраўляецца, як і не спраўляецца з ціскам».

Палітык падкрэсліў, што прадстаўляе амаль 2400 беларусаў (2358, калі дакладней. — «НН»), якія аддалі на выбарах у Каардынацыйную раду галасы за яго і яго фракцыю. Ён заклікаў «палітыкаў, якія часта спрабуюць гаварыць ад імя народа», выкарыстоўваць магчымасць выбараў у КР, каб даказаць, што яны маюць падтрымку беларусаў.

З гэтай падтрымкай, лічыць Латушка, варта і далей трымацца той жа стратэгіі ціску на беларускія ўлады, якая была абраная пяць гадоў таму:

«Праблема ў тым, што ў нас ёсць тыя інструменты, якія сапраўды ёсць і магчымыя на сённяшні дзень. А прыдумаць новыя ў нас не атрымліваецца не толькі таму, што мы не ведаем пра іх ці не дадумаліся, а можа, таму што і сапраўды інструментаў не так шмат. 

Таму тая стратэгія, якую мы абралі — стратэгія аб’яднання, ціску, ізаляцыі рэжыму, міжнароднага прызнання нас і непрызнання яго, падтрымкі нацыянальнай культуры і адукацыі, моцная інфармацыйная праца ўнутры Беларусі і круглы стол як перспектыва — гэта тая стратэгія, якая слушная. Яна доўгая, цяжкая, не кожны вытрымлівае, але трэба ісці гэтым шляхам».

Чытайце таксама:

«Ужо тры гады я не размаўляю з мамай па ейнай ініцыятыве». Яна Латушка — пра палітыку, сям’ю і будучыню Беларусі

Латушка: У дэмсілаў ёсць план па днях на выпадак, калі прыйдзецца браць уладу ў свае рукі

На АНТ заявілі, што Латушка ў канцы ліпеня 2020 нібыта хацеў спаліць штаб Ціханоўскай. Латушка адказаў на гэта

Каментары да артыкула