БЕЛ Ł РУС

Элітны дом з 2010-х. Колькі цяпер там каштуюць кватэры?

10.08.2025 / 22:17

Nashaniva.com

Эфектны на той час мінскі шматпавярховік здалі са скандаламі і вялікім спазненнем.

Фота тут і далей: Realt

Жылы комплекс на Нёманскай, 45 (мікрараён Каменная Горка) пачалі будаваць у 2010 годзе. Дом-волат атрымаў назву «Акцэнт». Шматпавярховік павінны былі ўзвесці за два гады, аднак будоўля расцягнулася на ўсе чатыры. Колькі цяпер там каштуе жыллё, піша Realt.

У «Акцэнце» — 6 пад'ездаў, 14-16 паверхаў і 260 кватэр. Жыллё ў доме прапаноўвалі ўсім ахвотным. Першапачаткова (яшчэ на катлаване) набыць аднапакаёўкі, двушкі і трохпакаёўкі можна было па 950-1050 даляраў за метр. Далей па меры ўзвядзення паверхаў кошт квадратнага метра рос. Так, на фінішы будоўлі цана дасягала ўжо 1300-1400 даляраў.

Будавала шматпавярховік «Усходняя будаўнічая кампанія». Як пазней высветлілася, яна на 99% належала расійскаму бізнэсу. Здача дома суправаджалася скандалам. Навасельцы знайшлі ў будынку масу недаробак: ад небяспечных парэнчаў да непрацуючых ліфтаў. На шчасце, усё гэта ўжо даўно выпраўлена.

Зараз унутры пад'ездаў — якаснае сучаснае аздабленне, сімпатычныя холы і акуратныя лесвічныя клеткі. У доме стаяць датчыкі тэмпературы і рэгулятары падачы гарачай вады. Вакол шматпавярховіка і ў ліфтах ёсць камеры відэаназірання. Кіруе маёмасцю ЖК таварыства ўласнікаў.

А вось двор зусім звычайны, ды яшчэ і агульны з суседнімі дамамі. Тут размясцілася наземная паркоўка і дзіцячая пляцоўка.

Дарэчы, у самыя першыя гады ніякай асаблівай інфраструктуры побач з новабудоўляй не было. Цяпер жа побач гандлёвы комплекс з крамай «Марцін», кругласутачны велізарны гіпермаркет «Еўраопт», а насупраць дабудоўваюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. Акрамя таго, непадалёк у 2026 годзе павінен адкрыцца шматпакутны гандлёва-забаўляльны цэнтр «Мега Парк», які ў мінулым годзе нарэшце займеў новага ўладальніка.

Што тычыцца метро, то да станцыі «Каменная горка» адсюль — 2 прыпынкі на грамадскім транспарце, або 15 хвілін хады.

Побач з домам знаходзіцца парк імя Уга Чавеса.

Цяпер у доме, піша Realt, прадаюцца дзве кватэры. Адна з іх — двухпакаёвая на 60 квадратаў без аздаблення. Цана — 100 тысяч даляраў (1642 даляры за метр).

Другая — аднапакаёвая кватэра на 40 квадратных метраў, з добрым рамонтам. Цана — 89,9 тысячы даляраў (2228 даляраў за метр).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула