Мікола Бугай: Трэба перагарнуць старонку 2020-га і пачаць жыць новымі рэаліямі
абмяркоўвайце!
Быў бы 2020-ы ці не было б яго, 2022-гі здарыўся б усё адно, піша Мікола Бугай. А раз ён здарыўся і аказаўся беспаваротны, трэба знізіць чаканні і адмовіцца ад водападзелаў 20-га.
«Мінск — 187 км (акупаваны Крамлём). Указальнік над мінскай трасай на Ліпоўцы ў Вільні. Фота з сацсетак
Я пастараюся коратка, на прыкладах сфармуляваць, які сэнс я ўкладаю ў слова «перагарнуць», і папярэджваю, што мае ідэі могуць выклікаць у некаторых з вас пратэст, але спачатку акрэслю, што разумею пад новымі рэаліямі.
Рэжым у Беларусі зрабіўся таталітарным. Гэта рэжым кшталту кітайскага, расійскага, паўночнакарэйскага і кубінскага. Непрынцыпова, у якой ступені таталітарным. Галоўнае, што няма краёў — ні проціваг, ні канстытуцыйных абмежаванняў, ні ўжо і звычаёвых стрымак.
Таталітарызм нашага часу абапіраецца на татальнае відэаназіранне. Фота: Беларусь сегодня
Ёсць і адно, што карэнна адрознівае беларускую дыктатуру ад усіх іншых на свеце: рэжым настолькі залежыць ад Расіі, а Расія настолькі лічыць Беларусь па праве сваёй тэрыторыяй, што сама наша векавая дзяржаўнасць працягвае вісець на валаску.
Быў бы 2020-ы ці не было б яго, 2022-гі здарыўся б усё адно. (Толькі без 2020-га беларусам нашмат цяжэй прыйшлося б у 2022-м.) Расія перавяла сітуацыю ў Еўропе ў іншую плоскасць. І, як выявілася, Захад можа гэта толькі стрымаць, але не можа спыніць. Большасць беларусаў усе гэтыя апошнія пяць, чатыры, тры гады чакалі, што або Лукашэнка сам адкруціць свой таталітарны паварот назад, або Захад здолее паставіць Расію на месца, пакараць яе за вайну. Ні першага, ні другога не здарылася.
Рэжым у Беларусі стаў таталітарным, а сілавікоў выхоўваюць у расійскім духу. Фота: Мінабароны Беларусі
«Мы сталі толькі часткай больш шырокага сюжэта, — як сказаў на канферэнцыі «Новая Беларусь» эканаміст Зміцер Крук. — Беларусь — закладніца расійскай палітыкі».
Вось што з гэтага вынікае.
1) Любыя спробы сілавой барацьбы з такім таталітарызмам згубныя. Дый увогуле, любое лабавое супрацьстаянне бессэнсоўнае. Рацыянальна цяпер пазбягаць усяго, што можа правакаваць рэпрэсіі, пазбягаць усяго, што прыводзіць людзей да неабходнасці эміграцыі, што змяншае насельніцтва Беларусі.
Нават адкрыты ўдзел у акцыях пратэсту за мяжой нясе пагрозу крымінальнага пераследу. На фота: удзельнік святкавання Дня Волі ў Вільні, 2025 год. Фота: SOPA Images LightRocket via Getty Images / Yauhen Yerchak
2) Трэба не проста адкінуць спрэчкі пра тое, хто правільна дзейнічаў у 2020-м (2010-м, 1994-м, 1990-м, 1918-м, 1863-м…). Пара забыць і на водападзелы 2020-га і ціха падыгрываць нават тым, хто ў 2020 быў не з народам — калі яны патэнцыйныя саюзнікі ў захаванні беларускай традыцыі і дзяржаўнасці.
3) 2020 год, сярод усяго, пакінуў нам у спадчыну геніяльную формулу пакутніка Вітольда Ашурка: «Беларус беларусу беларус». Яна захапляльная, падымае нас над палітычнымі падзеламі.
4) Гэтую філасофію я распаўсюджваю і на падтрымку любога, не важна якога, беларускага капіталу проста таму, што ён беларускі — а значыць, процівага расійскаму. (Пятрухін — недалёкі чалавек; б’ючы па беларускіх бізнэсоўцах, ён гуляе на інтарэс рускіх і ГБ.)
5) Беларусы змушаныя — можа быць і надоўга, не ад нас адных залежыць — адмовіцца ад нерэалістычных чаканняў. І проста асцярожна падтрымліваць усё стваральнае, усё, што супрацьстаіць русіфікацыі ў любых яе формах і праявах (я разумею гэтае паняцце шырока — не толькі моўную русіфікацыю, але і распаўсюд расійскага ўплыву і кантролю ва ўсялякіх яго формах). Падтрымкі ці, прынамсі, «някрытыкі» заслугоўвае ўсё хоць у нейкай ступені беларускае і рэфлексіўнае.
Дзеці на аўтобусным прыпынку ў Трасечанятах. Фота: LookByMedia
6) Паўночная Карэя і Куба — страшныя прыклады таго, як таталітарызм утвараў замкнёнае кола нават у далічбавую эпоху. А татальнае відэаназіранне, лічбавы таталітарызм, магчымы ў будучыні ШІ-кантроль за зместам анлайн-камунікацый і нават эмоцыямі — зусім страшэнная перспектыва.
Але калі хто і мае шанцы вырвацца з лічбавага таталітарызму, то ёсць падставы думаць, што Беларусь — еўрапейская краіна — будзе першай сярод іх. 2020-ы таму зарукай. Але гэта стане магчыма адно ў выпадку аслаблення Расіі і нават тады запатрабуе ад беларусаў і беларускіх уладаў выключнай асцярожнасці.
Татальнае відэаназіранне пры таталітарызме робіць любы пратэст рызыкоўным для таго, хто пратэстуе. На фота: пратэставая налепка перад выбарамі 2025 года
7) Калі Лукашэнкі не будзе, улады Беларусі могуць адмовіцца ад таталітарызму, як толькі Расія аслабне. Але трэба чакаць, пакуль Расія аслабне. (І нястомна падтрымліваць усё тое, што яе аслабляе, і ўсіх тых, хто яе аслабляе. На сёння — гэта Украіна.)
Дактрынёры-русафобы не маюць рацыі: Расія не заўсёды была моцнай і не заўсёды будзе, не заўсёды яна мела і нязменнае ўяўленне пра свае нацыянальныя інтарэсы, у яе гісторыі бывалі розныя перыяды і эпізоды. Нагадаю, што Расія не перашкодзіла ўступленню краін Балтыі ў НАТА. У 2004-м Расія не ўмяшалася і ва Украіну пасля Аранжавай рэвалюцыі. А пасля 2014-га — змагла, з жахлівымі наступствамі.
8) Беларусы — калі іх не прыспляць — ускочаць у наступнае акно магчымасцей, узброеныя памяццю пра слаўны 2020-ы. Памяць — каласальная штука, яна кіруе нашымі дзеяннямі, вядзе за сабой. У беларусаў спрабуюць памяць адабраць, але дыяспара захавае яе — СМІ, сацсеткі, музеі, кіно, навукоўцы. Мы цяпер маем таксама досвед і гераізм добраахвотнікаў-каліноўцаў у нашым багажы.
Экіпіроўка байца Інтэрнацыянальнага легіёна Украіны. Фота з сацсетак
9) Унутры Беларусі ідзе маўклівае ці, дакладней, негалоснае супраціўленне. Але і сама ratio быцця дзяржаўных структур працуе на захаванне і ўмацаванне дзяржаўнасці.
Што да дыяспары, то спосаб захавання нацыянальнай традыцыі, нацыянальнага духу, нацыянальнай памяці адзіны і суперпросты — не маўчаць. Дыяспара, хто пад сваім іменем, хто пад псеўданімамі, але гаворыць. Хто як можа — не пакідае ніводнага роліка ў тыктоку без каментара, не пакідае ніводнай вартай думкі без рэфлексіі. Беларусы за мяжою пакуль будуць голасам тых, хто ўнутры, па тых тэмах, на якія людзі ўнутры краіны выказвацца не могуць. Але будуць такім голасам, толькі калі будуць прыслухоўвацца, услухоўвацца ў тых, хто ўнутры, у іх жаданні.
«Раблю што магу». Графіці ў Вільні. Фота: Наша Ніва
10) Зраблю яшчэ адно дапушчэнне. І ў наступным акне магчымасцей краіна не вернецца ні ў 1994 год, ні ў 2019. Не будзе паўтору выбараў 2020-га і сітуацыі 20-га. Перамены могуць быць не такімі, пра якія мы марым, і магчыма, будуць нашмат больш абмежаванымі і неідэальнымі. Але нават такія перамены вартыя пякельнай працы дзеля іх і падтрымкі, калі яны пазначацца. Выскачыць з таталітарызму цяжэй, чым было апусціцца да яго.
Ці адмовяцца ўлады Беларусі ад таталітарызму, калі Лукашэнка адыдзе, а Расія аслабне? На скрыншоце з відэа: сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на Валааме, 1 жніўня 2025
Няма нічога страшнага ў тым, калі мы ментальна перагорнем старонку 2020-га і тыя спадзяванні, якія былі ў нас у пэўныя моманты. Часы мяняюцца, і людзі, часам незаўважна для сябе, мяняюцца разам з імі. Нязменна толькі наша мэта — свабоды і незалежнасці.
«Нязменна наша мара аб Свабодзе
Вядзе нас па зямлі і па вадзе,
Як сонца, што ніколі не заходзіць,
Як зорка, што ніколі не ўпадзе».