Чарговая беларуская гульня ў кальмара — студэнтка расказала, як адстаяла чаргу на інтэрнат
Каб атрымаць месца ў адзіным інтэрнаце медыцынскага каледжа, сотні студэнтаў з розных куткоў краіны начуюць на вуліцы — у намётах, у машынах, на лаўках. Чарга пачынаецца за суткі да падачы дакументаў, з пераклічкамі кожныя тры гадзіны, а ночы праходзяць у холадзе, з камарамі і пад наглядам міліцыі.
Дзяўчына ў тыктоку расказала, як яна з сяброўкамі адстаяла чаргу ў інтэрнат.
«Такога вы яшчэ не чулі і дакладна не бачылі. Каб атрымаць інтэрнат, трэба начаваць на вуліцы на лаўцы ўсю ноч», — кажа яна.
Дзяўчына вучыцца ў медыцынскім каледжы, у якога ёсць толькі адзін інтэрнат на 600 месцаў, у які хочуць трапіць усе іншагароднія.
Таму за інтэрнат ідзе бойка. Падача дакументаў пачынаецца 12 жніўня ў 9:00 раніцы.
Дзяўчына прыехала за суткі, але не стала першай у чарзе. Яна была ўжо нумар 56.
З сяброўкамі яна ўзяла з сабой намёт, бо вырашыла з максімальным камфортам правесці цяжкую ноч.
Спачатку іх з намётам хацелі выгнаць, бо гэта была тэрыторыя нейкага прадпрыемства, але ўсё ж студэнтак пашкадавалі – ім дазволілі хадзіць у прыбіральню ці за кіпнем, а ранкам ахоўнік іх нават будзіў, каб не спазніліся на падачу дакументаў.
Але нават у такіх умовах дзяўчатам было не салодка. Было шалёна шмат камароў і вельмі холадна. Надта хацелася спаць. Да чаргі ноччу прыходзіла міліцыя з сабакамі.
Пераклічка па спісу са сшытка была ў 9:00, потым у 12:00, потым у 3:00 ночы, потым у 6:00 раніцы. «Я не ведаю, навошта яны так робяць», — дзівіцца дзяўчына.
«Калі кагосьці не было або хто-небудзь не адказваў хвіліну, яго выкрэслівалі са спісу, і ён станавіўся не першым, а сто дзясятым», — кажа дзяўчына.
Сама падача дакументаў заняла хвілін пяць. Але дзеля яе трэба было стаяць суткі.
«І ўсё роўна не факт, што інтэрнат мне дадуць», — дадае дзяўчына.