Шоўмэн, футбаліст, быў супраць беларусізацыі — расказваем пра кіраўніка Ліды, які закаханы ў Расію
«Па пакліканні — педагог, па сутнасці — лідар і рэфарматар» — так рэпрэзентуе сябе мэр Ліды Аляксандр Вярсоцкі. Поруч з гэтымі характарыстыкамі ідзе яго закаханасць у Расію, ухваленне вайны і заклікі не спыняць рэпрэсіі супраць беларусаў. Расказваем больш пра яго асобу.
Аляксандр Вярсоцкі
48-гадовы Вярсоцкі нарадзіўся на захадзе Беларусі — у вёсцы Куцавічы, што ў Ашмянскім раёне. Гэта малая радзіма яго бацькі-электрыка Людвіга. Калі будучаму чыноўніку было восем гадоў, сям’я пераехала ўжо ў родныя мясціны маці — вёску Залессе Смаргонскага раёна. Жанчына паспела паспрабаваць сябе ў розных сферах — і ў школе, і на мясакамбінаце, нейкі час была загадчыцай жывёлагадоўчага комплексу.
Сам Вярсоцкі ў 1994 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, атрымаў дыплом настаўніка геаграфіі і біялогіі і пасля паехаў у Смаргонь выкладаць дзецям. Пазней перайшоў у мясцовы райвыканкам, даслужыўшыся да намесніка старшыні. У 2011-м мужчына пайшоў на павышэнне: быў прызначаны першым намеснікам начальніка ўпраўлення па ідэалогіі і культуры Гродзенскага аблвыканкама, а ў 2016 годзе ўжо ўзначаліў упраўленне. Да таго, як стаць мэрам Ліды, Вярсоцкі ўзначальваў Свіслацкі раён.
«Няўдалы футбаліст»
Вядома, што ў дзяцінстве Вярсоцкі ўсур’ёз захапляўся футболам — яго нават запрашалі ў спартыўную спецшколу, але маці не дазволіла. І хоць спартыўная кар’ера не склалася, чыноўнік актыўна ганяе мяч, а таксама бегае паўмарафоны.
«Кожны, хто з ім гуляў у футбол, пасля казаў, што ён вельмі жорсткі тып у гэтым, што ён усім у ногі кідаўся. Калі ён быў кіраўніком Свіслацкага райвыканкама, у яго і свая каманда футбольная была. І яны сустракаліся з камандай Караева», — расказваюць сведкі.
Разам з Юрыем Караевым. Вярсоцкі — пяты злева. Фота: тэлеграм-канал мэра Ліды
«Выказванне пра Расію абурыла ўсіх»
Кампліменты Расіі і тамтэйшым вайскоўцам, абурылі многіх, хто асабіста ведае Вярсоцкага — і ў Гродне, і ў Смаргоні, і ў Лідзе.
«Рэч у тым, што ён заўсёды ўспрымаўся сапраўдным патрыётам. Да 2020 года ён размаўляў на беларускай мове, калі яшчэ быў начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалогіі і па справах культуры Гродзенскага аблвыканкама. І намесніца яго Алена Клімовіч па-беларуску размаўляла — гэта яшчэ ўсіх здзіўляла, што вось двое ідэолагаў, а па-беларуску», — расказвае суразмоўца, які неаднаразова сутыкаўся з Вярсоцкім па працы.
Аляксандр Вярсоцкі. Фота: асабістая старонка мэра Ліды ў фэйсбуку
Пры гэтым ён выступаў супраць планаў Паўла Латушкі па беларусізацыі зверху — калі ў 2012 годзе тагачасны міністр культуры Латушка на пасяджэнні калегіі Мінкультуры ў Мінску заявіў, што «план па папулярызацыі беларускай мовы ў краіне не выконваецца ў поўнай меры». У той жа час у раённыя аддзелы культуры паляцелі лісты папераджальнага характару пра недапушчэнне прымусовай беларусізацыі.
«Лічу, што палітыка прымусовай беларусізацыі, як і прымусовага русіфікавання, прымусовага пашырэння польскай ці іншай мовы з'яўляецца недазволенай. Грамадзяне Беларусі маюць дадзенае Канстытуцыяй права свабоды выбару мовы для карыстання, як па сваіх службовых абавязках, гэтак і ў асабістым жыцці», — тады рэагаваў Вярсоцкі, будучы на пасадзе начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Праўда, не тлумачыў, дзе канкрэтна ён пабачыў факты прымусовай беларусізацыі.
Сам Вярсоцкі прызнаваўся, што раней быў у добрых стасунках з Паўлам Латушкам:
«Ён для мяне быў аўтарытэтам з вялікай літары, чаго сёння сказаць ніяк не магу. Але ў чалавеку была чарвяточына, і ў што яна цяпер выліваецца? Уводзяцца санкцыі нібыта ў дачыненні да прэзідэнта, а пакутуюць людзі. Усе санкцыі скіраваныя на адно — на стрыманне рэспублікі ў высокаэфектыўных абласцях эканомікі».
Успрымаць чыноўніка як патрыёта дапамагала і яго ўвага да гістарычных аб’ектаў — так, ён прыклаў руку да адраджэння сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, а таксама да завяршэння рэстаўрацыі палаца Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне.
«Але ў 2020-м ён моцна ўсіх расчараваў», — адзначае яго былы калега.
Аляксандр Вярсоцкі ў цэнтры. Фота: асабістая старонка ў фэйсбуку.
«Спужаўся вайны ва Украіне»
У чыноўніка заўсёды было дзіўнае ўспрыманне Захаду і асабліва Польшчы, яму падавалася, што суседняя краіна спіць і бачыць, як паланізаваць Беларусь.
Журналіст Руслан Кулевіч згадвае, як Вярсоцкі абвінаваціў яго ў тым, што яго аўтарскія гістарычныя кнігі персанальна спансуе польскі консул:
«Я памятаю, як ён мяне сустрэў у Гродне. Ён тады сказаў мне, што «вось, твае кніжкі праплаціў польскі консул». Я запытаў: «Вы здурнелі?» Бо мы грошы на выданне кніг з гісторыяй Гродна, з успамінамі і беларусаў, і палякаў праз краўдфандынг збіралі тады. А ён чамусьці пра ўсё, што мы ў горадзе рабілі, думаў, што гэта прапольская дзейнасць».
Раней чыноўнік імкнуўся весці на беларускай мове і сацсеткі, але колькасць пастоў на роднай мове скарацілася пасля пачатку вайны ва Украіне.
«Выглядае, што ён нібыта спужаўся моцна. Што вось і з Беларуссю нешта такое адбудзецца, як ва Украіне — моўныя пытанні, канфлікты… Цяпер калі ён і выказваецца па-беларуску, то дазавана — напрыклад, на культурныя тэмы», — кажа яшчэ адзін суразмоўца.
Хаця насамрэч пужалкі Украінай у чыноўніка праскоквалі і раней, напрыклад, у 2020-м.
Парушальнік дарожнага руху і прадзюсер «Бацькавай булкі»
Цяпер Вярсоцкі ў любы магчымы момант нагадвае, што самае страшнае — гэта раскол у грамадстве і заклікае кансалідавацца.
«Кансалідацыя вакол усяго эфектыўнага, прадуктыўнага, што ёсць у Рэспубліцы Беларусь, кансалідацыі вакол нашага прэзідэнта», — заклікае ён.
Кансалідацыю чыноўнік шукаў паўсюль — нават у хлебе, якім яны пачаставалі Лукашэнку падчас яго візіту ў Свіслацкі раён. Нібыта пасля таго выпадку ў краме ўсе шукалі тую самую булку, якая спадабалася «Бацьку» — у выніку Вярсоцкі раскруціў гэта да каравай-фэста.
Караеў і Вярсоцкі на фестывалі «Бацькава булка». Фота: тэлеграм-канал мэра Ліды
«Я лічу сябе прадуктам эпохі Лукашэнкі», — заяўляў ён дзяржаўным журналістам.
Фота з асабістай старонкі мэра Ліды ў фэйсбуку.
Мужчына жанаты, у яго дзве дачкі. Жонка ў мінулым была настаўніцай у СШ №1 Смаргоні, сёння працуе ў Гродне — у адміністрацыі Ленінскага раёна. Праз гэта сям’я бачыцца збольшага толькі на выходных.
«Старэйшая дачка Лізавета — студэнтка пятага курса медычнага ўніверсітэта, малодшая Валерыя — дзесяцікласніца Гродзенскай гарадской гімназіі. Сям'я жыве ў Гродне. Мы ўвесь час на сувязі, сустракаемся кожныя выходныя і пры кожнай магчымасці. Дзякуючы жонцы, якая ўзяла на сябе побытавыя клопаты, я магу засяродзіцца на справах дзяржаўных», — расказваў Вярсоцкі «Гродзенскай праўдзе».
Людзі з яго атачэння кажуць, што чыноўнік вельмі любіць увагу і не лезе за словам у кішэню. Вярсоцкі актыўна вядзе сацсеткі, у яго ёсць свой тэлеграм-канал. Папулярнасць ён спрабуе заваёўваць нават выкананнем песень і вершаў.
Па інфармацыі «Белпола», на Вярсоцкім дзесяць адміністратывак па лініі ДАІ.
«Тое, што ён кажа пра Расію, проста непрымальна для кіраўніка раёна, чалавека, які працуе ў Беларусі і падае сябе як абаронцу нашай культуры. Які ж ты абаронца, калі Расія — гэта наш каланізатар? Які ты патрыёт? Кажа ён, а сорамна нам», — не хавае эмоцый адзін лідчанін, з якім мы паразмаўлялі на ўмовах ананімнасці.
«Мне здаецца, нават былым мэрам Ліды і Гродна можа быць сорамна за тое, што Вярсоцкі часам кажа», — дадаў яшчэ адзін беларус.
Аляксандр Вярсоцкі
Чытайце таксама:
Арыштаваны дырэктар Палаца Рэспублікі, адзін з арганізатараў Марафона адзінства
Былы віцэ-прэм'ер Русы назваў Аляску рускай зямлёй
«Толькі ў Беларусі такое магчыма». Мужчына ў Z-майцы танчыць на плошчы пад украінскую песню ВІДЭА