Ярмак падзякаваў Меланіі Трамп за ліст Пуціну ў абарону дзяцей, хоць Украіна ў лісце не згадваецца ні разу
Кіраўнік офісу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага падзякаваў першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп за тое, што яна заклікала прэзідэнта Расіі выратаваць дэпартаваных украінскіх дзяцей.
Фота: Белы дом
«Вяртанне ўкраінскіх дзяцей, выкрадзеных Расіяй, павінна быць ключавой умовай для любой мірнай дамовы», — напісаў Андрэй Ярмак у суботу ў паведамленні ў сацыяльных сетках.
Ярмак сказаў, што ён «удзячны» Меланіі Трамп за яе ліст да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, у якім яна заклікала лідара «самастойна аднавіць» «мелодыю дзіцячага смеху».
Сёння Fox News абнародаваў ліст жонкі Трампа Пуціну, што перадаў Дональд Трамп прэзідэнту Расіі на Алясцы.
Як вынікае з ліста, Меланія была вельмі дыпламатычнай, а зразумелы ўсё ж такі сэнс пададзены ў тэксце завуалявана, прынамсі, Украіна ў лісце не згадваецца ні разу.
«У сённяшнім свеце, — піша Меланія пра «сённяшні свет», — некаторыя дзеці вымушаныя несці ў сабе ціхі смех, не закрануты змрокам вакол іх, — маўклівы выклік сілам, якія патэнцыйна могуць адабраць у іх будучыню».
«Спадар Пуцін, вы можаце самастойна аднавіць іх мелодыю смеху. Абараняючы нявіннасць гэтых дзяцей, вы не толькі паслужыце адной толькі Расіі — вы акажаце паслугу ўсяму чалавецтву», — працягвае першая лэдзі ЗША.