Абавязацельствы Расіі не нападаць на Еўропу і Украіну мусяць распаўсюджвацца і на Беларусь
Новая дамова аб непарушнасці межаў у Еўропе, калі яна будзе, павінна датычыць і нашай краіны. Гэта пункт, пад якім падпісаліся б і Лукашэнка, і Ціханоўская. Каментар Рэдакцыі.
Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота AP Photo/Ben Curtis, File
Спецпрадстаўнік Трампа Уіткоф назваў «прарыўнымі» дамоўленасці ЗША і Расіі па гарантыях бяспекі для Украіны і Еўропы.
«Мы дамовіліся пра сур'ёзныя гарантыі бяспекі, якія я б ахарактарызаваў як тыя, што змяняюць правілы гульні. Мы не думалі, што апынёмся настолькі блізкія да пагаднення аб абароне [Украіны] па артыкуле 5 з боку Злучаных Штатаў, заканадаўчым замацаванні ў Расійскай Федэрацыі абавязацельства не замахвацца на іншыя тэрыторыі пасля кадыфікацыі мірнага пагаднення, а таксама заканадаўчым замацаванні ў Расійскай Федэрацыі абавязацельства не нападаць на іншыя еўрапейскія краіны і не парушаць іх суверэнітэту. Так што мы прыйшлі да пагаднення, і гэта яшчэ не ўсё», — сказаў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стывен Уіткаф.
Уіткаф можа выдаваць жаданае за рэальнае або не да канца разумець рэальных прапаноў. Але, калі такая дамова сапраўды абмяркоўвацца, то гэта, напэўна, пункт, які падтрымалі б і Лукашэнка, і Ціханоўская.
Усе разумеюць, што дамовы з Расіяй не вартыя паперы, на якой яны падпісаныя, і Масква будзе іх трымацца толькі тады, калі не будзе мець сілаў іх парушыць. Гэтыя дамовы будуць трымацца толькі да тае пары, пакуль еўрапейскія краіны, у тым ліку і Украіна, будуць дастаткова моцныя, каб адбіць напад.
Тым не менш, для шанцаў Беларусі здабыць рэальную незалежнасць у будучыні важна, каб Беларусь была часткай новай дамовы аб непарушнасці межаў у Еўропе, калі яна будзе. Нават калі Беларусі зараз не ўдасца вырвацца з-пад расійскага кантролю, гэта дапаможа ў будучыні.
Калі на стале сапраўды ляжыць такая дамова, то і Офісу Святланы Ціханоўскай, і мінскім дыпламатам мусова мабілізавацца, каб гэтага дасягнуць. І дай бог каб вызваленне палітзняволеных без дэпартацыі іх было часткай гэтага рашэння.