Суд у Літве дэ-факта і дэ-юрэ легалізаваў аднаполыя партнёрствы
Віленскі гарадскі раённы суд упершыню ў гісторыі Літвы прызнаў адносіны дзвюх дзяўчат сям’ёй і абавязаў дзяржаву зарэгістраваць іх партнёрства.
Пра гэта ў пятніцу паведаміла Асацыяцыя талерантнай моладзі (TJA), піша выданне LRT.
Адвакат Айварас Жылвінскас, які прадстаўляў інтарэсы пары, заявіў, што рашэнне гістарычнае і стварае прэцэдэнт: цяпер іншыя аднаполыя пары змогуць прасцей дамагацца рэгістрацыі праз суд.
«Па сутнасці гэта азначае, што барацьба, распачатая яшчэ ў 2023 годзе з першымі заяўнікамі, урэшце пасля доўгіх колаў дала вынік», — сказаў Жылвінскас у эфіры LRT.
Паводле яго слоў, сам факт прызнання, што «аднаполы пары могуць лічыцца сям’ёй і рэгістравацца як сям’я», адкрывае шлях да напаўнення інстытута партнёрства рэальным зместам: правамі і абавязкамі.
Юрыдычная база для такога кроку ўзнікла гэтай вясной, калі Канстытуцыйны суд указаў: норма Грамадзянскага кодэкса, якая дапускае партнёрства толькі паміж мужчынам і жанчынай, супярэчыць Канстытуцыі. Пакуль спецыяльны закон не прыняты, пары могуць звяртацца ў суд, а Сейму належыць урэгуляваць працэдуру і змест партнёрства.
Жылвінскас падкрэсліў: пастанова суда дэ-факта і дэ-юрэ прыраўняла аднаполую пару да сям’і. «Гэта не нейкае аб’яднанне і не новая форма ЗАТ, а менавіта сям’я», — сказаў ён.
У той жа час парадак застаецца неўрэгуляваным: сёння аднаполыя пары вымушаныя дамагацца рэгістрацыі праз суд, у той час як разнаполыя робяць гэта непасрэдна ў метрыкацыі. Для ліквідацыі дыскрымінацыі спатрэбяцца змены ў Грамадзянскі кодэкс і закон аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.
Рашэнне можна абскардзіць, самі заяўніцы гэтага рабіць, натуральна, не маюць намеру, але патэнцыйнымі апелянтамі названыя Міністэрства юстыцыі і аддзел грамадзянскай метрыкацыі.
Паралельна, як паведаміў адвакат, яшчэ дзве яго справы чакаюць рашэння ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека адносна магчымых парушэнняў права на сямейнае жыццё.