БЕЛ Ł РУС

Былы ўладальнік «Трох цэн» судзіцца за сетку крам

18.08.2025 / 10:9

Nashaniva.com

Дзмітрый Андрэеў, адзін з удзельнікаў ТАА «ФіксМаркет», якая з’яўлялася першым аператарам гандлёвай сеткі «Тры цаны», падаў пазоў у суд супраць сваёй кампаніі і ТАА «Плэй хард». Ён хоча прызнаць несапраўднай здзелку, у выніку якой актывы «ФіксМаркет» перайшлі новаму аператару. Першае пасяджэнне суда адбылося 15 жніўня, і на ім пабываў Office Life.

Фота: megapolis-real.by

Прадметам спрэчкі з’яўляецца дагавор, які «ФіксМаркет» і «Плэй хард» заключылі 3 студзеня 2022 года. Як гаворыцца ў пададзеным у суд пазове, па гэтым дагаворы са студзеня па ліпень 2022 года ТАА «ФіксМаркет» перадала ТАА «Плэй хард» усе запасы і асноўныя сродкі.

Пакуль у пазове агульны кошт перададзенай маёмасці ацэньваецца ў 50 млн рублёў, але, па словах адваката Андрэева, памер патрабаванняў яшчэ можа быць удакладнены. У сваю чаргу абарона ТАА «Плэй хард» у судзе ацаніла кошт перададзеных актываў прыкладна ў 48 млн рублёў, а таксама паведаміла, што пакупнік заплаціў «ФіксМаркет» каля 650 тыс. рублёў і пагасіў некаторыя даўгі першага аператара.

@belarusnovosti Запутанное дело белорусского бизнесмена по магазинам Три Цены #беларусь #новостибеларуси #беларусьновости #белорусы #минсксейчас ♬ Mystery / Suspense Investigation / Investigation / Thinking(1179817) - DaikixCousin

Менавіта гэты дагавор, па якім гандлёвая сетка фактычна змяніла ўласніка, Андрэеў хоча прызнаць несапраўдным. Па яго меркаванні, рашэнне аб заключэнні гэтай здзелкі было прынята незаконна з-за зацікаўленасці афіліраваных асоб. А ў яго заключэнні для «ФіксМаркет» не было ніякай эканамічнай выгоды.

Як гаворыцца ў пазове, на момант заключэння здзелкі доля Андрэева ў ТАА «ФіксМаркет» складала 7%. Другім удзельнікам фірмы была жонка Віталя Сабалеўскага, які з’яўляўся дырэктарам фірмы. Ён жа адначасова быў дырэктарам (а цяпер з’яўляецца ўладальнікам) і ў «Плэй хард», якая кіруе крамамі сеткі.

То-бок пазіцыя каманды Андрэева такая: паколькі ў здзяйсненні здзелкі мелася зацікаўленасць афіліраваных асоб, прымаць рашэнне аб яе заключэнні другі ўдзельнік «ФіксМаркет» не мог.

Акрамя таго, у выніку здзелкі кампанія фактычна спыніла працу і пачала назапашваць даўгі, што прывяло да ўзбуджэння ў дачыненні да яе справы аб банкруцтве.

Абарона кампаніі «Плэй хард» у судзе факт афіліраванасці здзелкі прызнала. Але саму здзелку ў кампаніі лічаць цалкам законнай. А дзеянні Андрэева кваліфікуюць як злоўжыванне правам і жаданне пазбегнуць субсідыярнай адказнасці з-за банкруцтва «ФіксМаркет».

Зараз у судзе абвешчаны перапынак. 

Як бы ні развіваліся падзеі далей, справа выглядае даволі рэзананснай. Бо на кану фактычна лёс не аднаго асобна ўзятага дагавора, а адной з найбуйнейшых гандлёвых сетак, у якую вясной 2024-га ўваходзіла больш за 300 гандлёвых аб’ектаў у 144 населеных пунктах краіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула