Эканоміка Беларусі перастала расці. Тое самае ў Расіі і Латвіі. А вось Польшча і Літва растуць стабільненька
Свежыя звесткі Белстата паказваюць, што беларуская эканоміка роўненька паўтарае расійскія трэнды.
Ілюстрацыйнае фота: малаказавод у Мінску
Рост валавага ўнутранага прадукту Беларусі ў студзені-ліпені запаволіўся да 1,3%. Цяжка сказаць, наколькі афіцыйнай эканамічнай статыстыцы можна давяраць — Белстат засакрэціў шматлікія яе сегменты. Тым не менш, кідаецца ў вочы, што гаспадарчыя паказчыкі Беларусі паўтараюць расійскія.
У Расіі эканамічны рост у другім квартале гэтага года ўпаў да 1,1%. Чакаецца, што гадавы паказчык росту дасягне там 1—1,5 працэнта. Адбываецца прагназаванае ахаладжэнне расійскай эканомікі пасля двух гадоў росту, які кампенсоўваў падзенне гаспадаркі ў выніку санкцый і вайны ў 2022-м.
Той рост сілкавалі грошы, якія дзяржава пампавала на ваенныя патрэбы. Гэты перыяд скончыўся.
Праблемы перажывае і Латвія. Яе гаспадарка доўгія гады была ў значнай ступені завязаная на расійскі рынак, транзіт у Расію і расійскіх турыстаў.
Цяпер яна найбольш пакутуе ад неабходнасці разрыву з агрэсіўным партнёрам. ВУП Латвіі ў першым квартале гэтага года ўпаў на 0,3%. А прагноз для Латвіі на цэлы год песімістычны: 0,5% росту.
У той жа час эканомікі Польшчы і Літвы працягваюць дынамічны рост.
У Літве ёсць ужо звесткі пра другі квартал. ВУП вырас на 3% у гадавой праекцыі. Мяркуецца, што такую лічбу складзе і па выніках года.
У Польшчы рост у першым квартале складаў 3,2%. Гадавы прагноз складае 3,3%.
На столькі ж, як чакаецца, у 2025-м вырасце эканоміка Украіны, што зусім някепска для ваюючай краіны. Украінская гаспадарка магла б вырасці і больш, але чакаецца меншы, чым у мінулым годзе, ураджай збожжа.