БЕЛ Ł РУС

МУС Польшчы: Апастыль на дакументах для беларусаў не патрэбны ў любым выпадку. ЗАГСы ўсё няправільна зразумелі

18.08.2025 / 15:29

Nashaniva.com

МУС Польшчы пракаментавала сітуацыю з апастылямі, якая выклікала рэзананс сярод беларусаў. Высветлілася, што ніякіх новых правілаў міністэрства не ўводзіла, піша «Белсат».

Фота: «Наша Ніва»

У прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы пракаментавалі інфармацыю аб нібыта забароне для ЗАГСаў прымаць у беларусаў дакументы на бланках БССР ці СССР без апастыляў.

У МУС заявілі, што ніякіх новых рашэнняў не прымалі. А проста даслалі тлумачэнне, што рабіць, калі дакумент выклікае сумневы.

«МУС не прымала рашэння па гэтым пытанні. Наадварот, мы накіравалі дырэктарам аддзелаў грамадзянскіх спраў і раўназначных ваяводскіх упраўленняў інфармацыйны ліст, які тычыцца дакументаў грамадзянскага стану, выдадзеных, сярод іншага, установамі былога СССР і БССР», — заявілі ў прэс-службе міністэрства.

У МУС патлумачылі, што ЗАГСы, верагодна, няправільна зразумелі распараджэнне. Згодна з адказам, кіраўнік польскага ЗАГСа, толькі калі ён сумняваецца ў сапраўднасці канкрэтнага дакумента, можа запытаць яго пацвярджэнне, напрыклад, апастыль.

«Беларускія дакументы павінны ацэньвацца так жа, як і раней, і апастыль не павінен запытвацца ў любым выпадку (кіраўнік ЗАГСа павінен ацэньваць пададзены яму дакумент у кантэксце выкананай працэдуры)», — адзначылі ў МУС.

У міністэрстве паабяцалі даслаць яшчэ адзін ліст ваяводам, але ўжо так, каб там усё зразумелі правільна. У МУС падкрэслілі, што «бежанцы з Беларусі могуць заўсёды разлічваць на нашу падтрымку ў Польшчы, ім аказваецца абарона і неабходная дапамога».

Нагадаем, на тыдні беларусы сталі масава скардзіцца на тое, што ў польскіх ЗАГСах для рэгістрацыі больш не прымаюць дакументы часоў СССР і БССР, а таксама новыя дакументы без апастыляў. Чыноўнікі спасылаліся на распараджэнне ад МУС.

Чытайце таксама:

Беларусы ў паніцы штурмуюць польскія дзяржаўныя службы — там больш не прымаюць дакументы на савецкіх бланках

Беларусам стала складаней легалізавацца ў Польшчы — там больш не прымаюць выдадзеныя ў БССР дакументы і патрабуюць апастылі

Каментары да артыкула