БЕЛ Ł РУС

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ў 2020‑м не адбылося расколу эліт у Беларусі

19.08.2025 / 8:0

Nashaniva.com

«Чыноўнікі і сілавікі чакалі нейкага сігналу. З Усходу ён прагучаў. А з Захаду нічога не гучала. Атрымалася, што Маскве Беларусь патрэбна, а Захаду — не».

Сяргей Ціханоўскі. Скрын відэа: stranazhizni / YouTube

Падчас стрыму на ютуб-канале «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі расказаў, што яго папрасілі правесці апытанне «Чаму мы прайгралі ў 2020-м». Па словах блогера, такая фармулёўка не ягоная, і сам ён лічыць, што «ў 2020-м нідзе нічога не прайграў».

На жаль, праз атаку ботаў вынікі выглядаюць вельмі скажонымі, асабліва ў тэлеграм-канале.

Аднак Ціханоўскі вырашыў пракаментаваць некаторыя варыянты адказаў, сярод іх — «не раскалоліся эліты», хоць запыт на перамены, «каб быў нейкі новы кіраўнік дзяржавы», сярод сілавікоў і чыноўнікаў быў.

@nashaniva Падчас стрыму на ютуб-канале «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі патлумачыў, чаму ў 2020-м не адбылося расколу эліт у Беларусі #беларусь #нашаніва #ціханоўская #тихановский #мова ♬ Epic Music(863502) - Draganov89

Аб яго наяўнасці, па словах блогера, сведчыць той факт, што як сілавікі, так і чыноўнікі аддавалі свае подпісы за вылучэнне Віктары Бабарыкі, і ў выніку пазней пазбавіліся працы.

«І тут важна звярнуць увагу вось на што. Калі пачаліся пратэсты, Пуцін дзень-два вытрымаў паўзу і потым, як гэта гаворыцца, чхнуў у бок Лукашэнкі, сказаў: «Лукашэнка — абраны прэзідэнт».

А цяпер звяртаю ўвагу, што адбылося з другога боку. Гэта на Усходзе было. А на Захадзе? А Захад нічога не сказаў. Захад тады маўчаў. У Захада тады не было ніякай стратэгіі па Беларусі.

Калі вы згадаеце, яшчэ [дзяржсакратар ЗША Марк] Пампеа прыязджаў. (…) Еўрапейцы вялі справы з 2016 года з рэжымам Лукашэнкі. У іх была свая гісторыя. Яны планавалі весці справы з Беларуссю. І яны іх вялі. І наш пратэст, колькі б вас лукашысты не запэўнівалі, гэта не заходні быў пратэст. Гэта наш з вамі быў пратэст. Проста мы выйшлі за справядлівасць.

І вось у Захаду не было ніякай стратэгіі па Беларусі. (…) Чыноўнікі і сілавікі чакалі нейкага адказу. Яны чакалі нейкага сігналу. Вось з Усходу ён прагучаў. (…) А з Захаду нічога не гучала. І таму ніякага расколу эліт не адбылося», —

даводзіць Ціханоўскі і адзначае, што ён у гэтым выпадку не імкнецца перакласці адказнасць на Захад, а проста канстатуе:

«У іх не было ніякай стратэгіі па Беларусі. Для іх гэта было нечаканасцю. Яны ўсе — і амерыканцы, і Еўрасаюз — упусцілі ўсё гэта. Для іх гэта было як снег на галаву. І раскол эліт у нас не адбыўся толькі таму, што адтуль не было ніякай выразнай пазіцыі. Не было ніякай стратэгіі. І вось тут у нас не зламалася».

Ціханоўскі прыводзіць аналогію:

«Вось ёсць два бакі ў магніта. Павінна было разарваць. То-бок, нехта туды, нехта сюды. А сюды ніхто не паклікаў. Нічога не прапанаваў, не падтрымаў. Яны проста маўчалі і спрабавалі зразумець, а што там, блін, адбываецца такое. Для іх гэта нечаканасць».

Блогер упэўнены: «У іх (краін Захаду — НН) была выбудаваная адна лінія. Яны па ёй ішлі. Яны не сарыентаваліся хутка. Яны ўвогуле нас усе праглядзелі. У амерыканцаў была прагматычная палітыка працаваць з рэжымам. Памятаеце, нават нафту ён набываў у амерыканцаў, некалькі танкераў. (…) Для Захаду было проста нечаканасцю тое, што ў нас адбылося. Гэта я ўжо разабраўся з вашай, сябры, дапамогай.

Яны цяпер кажуць, у нас нейкай стратэгіі няма. Але ў іх саміх яе не было. І яе няма па Беларусі».

Чытайце таксама:

Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе

Ціханоўскі адказаў на прэтэнзіі пра наведвання Крыма і працу з Ксеніяй Сабчак

Ціханоўскі расказаў, што паправіўся на 10 кг, але пакуль мае праблемы са сном

Каментары да артыкула