БЕЛ Ł РУС

Трамп спадзяецца зладзіць сустрэчу Зяленскага і Пуціна «ўжо на выхадных»

18.08.2025 / 23:18

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што разлічвае ў максімальна сціслыя тэрміны арганізаваць перамовы ў фармаце ЗША — Украіна — Расія пасля сённяшняй сустрэчы ў Вашынгтоне. Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта ён сказаў на публічным адкрыцці сустрэчы з удзелам прэзідэнта Украіны і еўрапейскіх лідараў у Белым доме.

Падчас сустрэчы Трампа і Зяленскага з еўрапейскімі лідарамі. Фота: AP Photo/Alex Brandon

Трамп сказаў, што гарантыі бяспекі для Украіны будуць адным з ключавых пунктаў абмеркавання.

«Мы прагаворым, хто і што будзе рабіць. Я настроены аптымістычна, што разам мы можам дасягнуць дамоўленасці, якая дазволіць стрымаць новую агрэсію супраць Украіны… Думаю, еўрапейскія дзяржавы возьмуць на сябе шмат працы, мы ім дапаможам», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Ён працягнуў, што варта абмеркаваць «магчымы абмен тэрыторыямі» паміж Украінай і Расіяй, беручы пад увагу бягучую лінію фронту.

«Мы паспрабуем зладзіць трохбаковую сустрэчу (у фармаце ЗША — Украіна — Расія), магчыма, ужо на выхадных», — заявіў Трамп.

«У мяне адчуванне, што вы (да Зяленскага — Рэд.) і прэзідэнт Пуцін зможаце да нечага дамовіцца. Вядома, гэта рашэнне, якое можа прымаць толькі прэзідэнт Зяленскі і народ Украіны, узаемадзейнічаючы таксама ўзгоднена з прэзідэнтам Пуціным. І я думаю, што з гэтага можа атрымацца нешта вельмі добрае», — сказаў Трамп.

Чытайце таксама:

Трамп і Зяленскі завяршылі «вельмі добрую» двухбаковую сустрэчу

Трамп пахваліў пінжак Зяленскага і рассыпаўся ў кампліментах

Перад сустрэчай з Трампам Зяленскі пракансультаваўся з еўрапейскімі лідарамі

Трамп назваў крытыкаў дурнямі і пахваліў сябе за дзейнасць у «бардаку Расія/Украіна»

Каментары да артыкула