«Па сутнасці, гэта гандаль людзьмі». Колькі каштуюць паслугі інвалідаў на беларуска-польскай мяжы
На беларуска-польскай мяжы з’явіўся новы від бізнесу. Прадпрымальныя беларусы за грошы прапануюць праехаць да шлагбаума без чаргі — яны падсаджваюць у машыны людзей з інваліднасцю або пасажыраў з дзецьмі да трох гадоў, якія маюць права на прыярытэтны праезд. Гэтая паслуга карыстаецца попытам — чэргі на мяжы працягваюць біць рэкорды. Вакол гэтай паслугі ўжо сфармаваўся цэлы рынак: пасярэднікі прапануюць свае паслугі, а людзі ў чатах дзеляцца цэнамі і досведам.
Hrodna.life паразмаўляў з гродзенкай, якая скарысталася такой паслугай, а таксама вывучыў прыгранічныя чаты: колькі гатовыя плаціць людзі за такія паслугі і наколькі яны запатрабаваныя.
«Зараз усё распісана, але паспрабуюць дапамагчы»
Дар’я (імя зменена) зарэгістравалася ў электроннай чарзе яшчэ на мінулым тыдні. Яна планавала перасякаць мяжу звычайным чынам і без пасярэднікаў. Але, назіраючы за чаргой, зразумела — ёсць рызыка не паспець у Польшчу ў патрэбны час. Тады яна вырашыла скарыстацца паслугай з удзелам людзей з інваліднасцю і бацькоў з маленькімі дзецьмі. Дар’я кажа, што праблем з гэтым няма: падобныя прапановы можна лёгка знайсці ў спецыялізаваных чатах (хоць самастойна журналістам знайсці аб’явы не ўдалося). У яе выпадку ўсё было яшчэ прасцей.
— У мяне ёсць знаёмыя, якія раней перасякалі мяжу з дапамогай людзей з інваліднасцю. Мне далі кантакты такіх перавозчыкаў. Я патэлефанавала, расказала, калі мне трэба быць у Польшчы… Мне адказалі, што зараз усё занята, але паспрабуюць дапамагчы.
Суправаджаючага з правам прыярытэту знайшлі ў той жа дзень — інваліда першай групы. Мужчына падсеў да іх у машыну на мяжы. Беларусы абмінулі чаргу і адразу пад’ехалі да шлагбаума. На перасячэнне мяжы спатрэбілася каля пяці гадзін.
— Мужчына выйшаў на мосце, а мы паехалі далей, — кажа гродзенка.
Колькі каштавала такая паслуга, Дар’я не сказала, але прывяла прыклады: цэны пачынаюцца ад 100 еўра, калі чарга — каля 1000 машын. Калі машын больш, расце і кошт. Зараз чарга — больш за 4000 машын, таму і тарыфы павялічыліся.
«Знаёмым назвалі 500 еўра»
Удзельнікі прыгранічных чатаў актыўна абмяркоўваюць сітуацыю:
«Па сутнасці, гэта гандаль людзьмі. Гэтых інвалідаў падсаджвае банда. Яны атрымліваюць капейкі. З кліента бяруць 200—300 еўра, у залежнасці ад чаргі», — піша адна з удзельніц. Яна ўпэўнена, што «ў гэтых хлопцаў добрая «крыша», бо праблему ўсе ведаюць, але ніхто не спяшаецца яе вырашаць.
«Калі падлічыць даход — гэта больш за мільён еўра ў месяц», — падсумоўвае яна.
«Знаёмым агучылі 500 еўра», — піша яшчэ адзін.
Як тлумачаць у чатах, ёсць дзве схемы: адны падсаджваюць інвалідаў, іншыя таксуюць з імі — бяруць 100—200 еўра за перавоз праз мост.
У чалавека з прыярытэтам візы можа не быць. На беларускай мяжы яго не правяраюць на прадмет уезду ў Польшчу. Ён выходзіць з машыны пасля беларускага кантролю на мосце і вяртаецца назад аўтаспынам.
«Столькі інвалідаў адразу нідзе не ўбачыш, многія з іх увогуле не разумеюць, што адбываецца», — піша яшчэ адзін карыстальнік.
Беларусы пішуць скаргі
Многія не толькі абураюцца, але і пішуць звароты ў дзяржаўныя органы — прапануюць, напрыклад, абмежаваць прыярытэтны праезд для льготнікаў аднаразова ў месяц або адмяніць такі праезд пры наяўнасці электроннай чаргі.
Адзін з карыстальнікаў атрымаў адказ з Дзяржпагранкамітэта: «Пра праблему ведаюць, працуюць, паўнамоцтваў на праверку віз няма, дзейнічаюць паводле ўказу прэзідэнта. Рэкамендуюць звяртацца ў АБЭП, падатковую, міліцыю».
«Развярнулі мотык і бус з ільготнікам»
Па словах некаторых карыстальнікаў, беларускія памежнікі пачалі адпраўляць машыны назад, калі высвятлялася, што ўнутры — льготнік.
«Шквал скаргаў зрушыў сітуацыю. Адна частка пачала «гнаць», іншыя, мабыць, актывізаваліся».
«Сёння перайшлі мост каля 11. Памежнік размаўляў з дзяўчынай з дзіцём, якія стаялі на мосце. Развярнулі мотык і бус з ільготнікам».