БЕЛ Ł РУС

Былая кіраўніца штаба Ціханоўскай у захапленні ад круізу па нарвежскіх фіёрдах. Колькі каштуе такі адпачынак?

20.08.2025 / 14:5

Nashaniva.com

Марыя Мароз з сям'ёй адправілася ў васьмідзённы марскі круіз па Нарвегіі і падзялілася ўражаннямі.

Лайнер, на якім падарожнічала Марыя Мароз. Фота: Pjotr Mahhonin, CC BY-SA 3.0

Былая начальніца перадвыбарнага штаба Святланы Ціханоўскай, Марыя Мароз разам з ёй з'ехала ў Літву ў жніўні 2020 года. Яна ўзначаліла фонд «Краіна для жыцця», але пасля адышла з палітыкі. Раней яна расказвала, што ў Польшчы займаецца бізнэсам разам з мужам.

Жанчына мае свой ютуб-канал, у якім больш за 5000 падпісчыкаў і звыш 310 відэа. Нядаўна Марыя расказала пра сямейнае падарожжа на круізным лайнеры.

Па словах Мароз, сярод яе знаёмых шмат людзей, хто мае вопыт падарожжаў на круізных лайнерах на розных напрамках. Яна таксама марыла здзейсніць такое падарожжа і загадзя забраніравала васьмідзённы круіз на лайнеры MSC Poesia па фіёрдах Нарвегіі.

«Па факце васьмі дзён няма. Апошні дзень — прачынаешся, паснедаў — і ўсё, ужо выходзіш. Атрымліваецца сем дзён, сем начэй», — заўважае жанчына.

У падарожжы разам з Марыяй быў яе муж, малодшая дачка і яшчэ адзін дарослы чалавек. Круіз пачаўся з нямецкага горада Варнемюндэ. Вяртанне таксама было ў гэты горад.

Унутраныя інтэр'еры лайнера. Скрын відэа: womenpro / YouTube

Як тлумачыць Мароз, яны з мужам спецыяльна выбралі гэты нямецкі прыморскі горад:

«У нас машына — электрамабіль Tesla, і нам значна танней дабрацца да кропкі адпраўлення лайнера на машыне, чым, напрыклад, на самалёце.

Калі адпраўляцца з Рыма ці яшчэ аднекуль, то даляцець толькі на аднаго чалавека недзе 100 еўра і назад вярнуцца 100 еўра, то атрымліваецца 200 еўра на чалавека. Нас чацвёра. Вось і лічыце. А так мы зараджалі машыну, і ў нас усяго, можа, 200 еўра на туды-назад атрымалася, можа, нават і танней».

Каюта

Па словах жанчыны, яны імкнуліся эканоміць, таму абралі варыянт з унутранай каютай, якая не мае вокнаў.

Марыя распавядае, што спачатку баялася, што ў такой каюце будзе душна, цесна для чацвярых, што ложкі выявяцца нязручнымі. Асабліва яе непакоіла тое, што адзін двухспальны — стацыянарны, а два іншыя — адкідныя, «як у цягніку»:

«Я бачыла на малюнках, і гэта мяне крыху бянтэжыла. Плюс каюта маленькая. Думаю, ну як мы там будзем усе змяшчацца? Аказалася, усё настолькі зручна і камфортна, ложкі супер».

Выгляд каюты. Скрын відэа: womenpro / YouTube

Сэрвіс і ежа

Марыя адзначае, што яна са сваімі блізкімі не чакала, што круіз ім настолькі спадабаецца.

«Мы дастаткова шмат падарожнічаем, у нас ёсць з чым параўнаць. Былі і ў гатэлях з усё ўключана, але ў гатэлі ты ляжыш на адным месцы. А тут у цябе і ўсё ўключана, і сам гэты прыгожы лайнер, і абслугоўванне, і ў каютах кожны дзень прыбіраюць, і ўсе вельмі ветлівыя».

Асабліва жанчына адзначае ежу:

«Супер смачна кормяць. Ежа проста на любы густ — ці ты веган, ці мясаед, любіш пасту, піцу, усё, што жадаеш, ледзь ці не 24 гадзіны на 7 дзён на тыдзень. Усё гэта ўключана. (…) Самы кайф ад гэтага круізу — гэта ежа».

Жанчына заўважае, што яны не бралі пакет напояў, які ўключае піва, віно і каву.

Марыя расказвае, што на лайнеры было два варыянты харчавання: рэстаран і бар-буфет. У рэстаране трэба было рабіць замову і чакаць, пакуль прынясуць стравы. А ў буфеце дзейнічаў прынцып шведскага стала. У выніку яны штодня хадзілі менавіта ў буфет.

«Па ўзроўні абслугоўвання, столькі было садавіны, разнастайнай ежы, не было яшчэ ў нас ні ў адным гатэлі all inclusive», — запэўнівае Мароз.

Забавы

У распараджэнні гасцей быў адкрыты басейн, джакузі, штовечар яны маглі паглядзець забаўляльную праграму.

Забаўляльная праграма. Скрын відэа: womenpro / YouTube

«За час перамяшчэння мы наведваем тэатр, проста суперпрадстаўленне кожны дзень, нешта новае. Мы ўсе беглі ў гэты тэатр як па раскладзе глядзець шоу, бо вельмі крута зроблена», — згадвае Марыя і ў той жа час заўважае:

«Магчыма, нашаму дзіцяці не хапала нейкай анімацыі. Там была анімацыя, але яна нейкая вельмі такая сярэдненькая. Яна схадзіла адзін раз, другі раз, потым яна ўжо больш не пайшла».

Гарады і ваколіцы

Падарожжа пралягала па трох краінах — Германіі, Нарвегіі і Даніі. Асаблівае захапленне ў Марыі выклікаў горад Берген. Яго яна назвала «проста казачным гарадком».

«Я вам вельмі раю гэты гарадок. Ён неверагодна прыгожы. Ідзеш і бачыш там такую колькасць маленькіх нейкіх казачных элементаў. Домікі аформлены, кожная вулачка, кожная прыступка. Ну проста эстэтычнае задавальненне ад гэтага горада.

Мне сказалі знаёмыя, што якраз у Бергене ёсць вельмі класныя сэканд-хэнды, і што там можна нейкі ўнікальны посуд купіць, нейкія [яшчэ] рэчы. І мы таксама наведалі некалькі сэканд-хэндаў, і адзін быў проста суперзаліковы».

Скрын відэа: womenpro / YouTube

Кошт падарожжа

Марыя не назвала, колькі яна заплаціла за свой круіз, але паказала прыклад падобнага круізу на наступны год. Яна ўнесла дадзеныя пра сваю сям’ю — трое дарослых і адно дзіця — і атрымала разлікі на ліпень 2026 года.

Кошт залежыць ад тыпу каюты: унутраная, з акном, з балконам ці сьюта. Самыя танны варыянт на чатырох чалавек — $4367 з улікам падаткаў і партовых збораў, але без Wi-Fi і карты напояў. Каб атрымаць і іх, трэба будзе заплаціць за ўсю кампанію $5760.

Цэны на падобны круіз у ліпені 2026 года. Скрын відэа: womenpro / YouTube

Марыя заўважае, што кошт будзе расці па меры набліжэння даты плануемага падарожжа.

Мароз між справай згадала, што з'яўляецца ўдзельніцай платформы InCruises — па сутнасці гэта піраміда, якая высмоктвае грошы з карыстальнікаў, пакуль тыя нарэшце не зразумеюць, што іх падманваюць.

Аднак Марыя працягвае плаціць сэрвісу па 100 даляраў на месяц, спадзеючыся, што ў будучыні зможа аплаціць бонуснымі баламі палову свайго наступнага круіза.

У гэты раз старых бонусных балаў у яе — па выпадковым супадзенні — не хапіла, таму давялося аплачваць поўны кошт.

Агульнае ўражанне

«Класна, што мы ўзялі круіз. Нам было танней з'ездзіць у Нарвегію па фіёрдах у круіз, таму што на машынах там вельмі-вельмі дорага. І паркоўкі, і ежа», — кажа Марыя.

Яна адзначае, што яны самі не абедалі ў гарадах, а вось знаёмыя замовілі просты абед — салат, гарнір, кавалачак мяса і каву — і заплацілі 75 еўра за чалавека. Для сям’і з чатырох чалавек гэта аказалася б велізарная сума. І начлег у Нарвегіі шалёна дарагі.

«А тут мы снедаем сытна, выходзім на бераг, цэлы дзень гуляем па прыгожых гарадах і вяртаемся на лайнер, і ў нас такі дом на вадзе. (…) Гэта гатэль на вадзе, і ён перасоўваецца, і ты проста кайфуеш і атрымліваеш і новы горад кожны дзень, і весь сэрвіс», — даводзіць Мароз.

«Кажуць, што гэта не самы класны круіз, што ён такі вельмі такі сярэдненькі, што лайнер стары, але нам усё вельмі-вельмі спадабалася, — заўважае Марыя і запэўнівае: — Адназначна паеду яшчэ».

Чытайце таксама:

Кіраўніца перадвыбарнага штаба Ціханоўскай набыла «Тэслу». У твітары пакупку ацанілі не ўсе

Беларуска пераехала ў Грэнландыю, каб працаваць архітэктаркай. Як яно там? 

Чароўныя краявіды, выпрабаванне бюракратыяй і словы, якія нагадваюць пра радзіму. Беларуска расказала пра досвед эміграцыі ў Нарвегію

Каментары да артыкула