Вызваліўся палітвязень, якому двойчы працягвалі тэрмін
Нарэшце вызвалілі палітвязня з Гомеля Сяргея Яфімава, якога тройчы запар пакідалі за кратамі праз новыя прысуды. Ён выйшаў на волю толькі пасля таго, як цалкам адседзеў тры тэрміны, піша «Гомельская вясна».
Сяргей Яфімаў
Сяргей Яфімаў стаў адным з першых зняволеных за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года. 9 жніўня яго затрымалі і абвінавацілі ў «гвалце супраць супрацоўнікаў міліцыі». У лістападзе 2020-га суддзя Сяргей Кармановіч прысудзіў яму 3 гады калоніі агульнага рэжыму, заявіўшы, што ён нібыта распыліў газ і збіў трох АМАПаўцаў. Пры гэтым пацярпелыя не звярталіся па медыцынскую дапамогу, экспертыза не праводзілася, сведкаў не было.
Праваабаронцы прызналі Яфімава палітвязнем, падкрэсліўшы, што яго пераслед быў звязаны выключна з удзелам у мірных пратэстах. Ён адбываў тэрмін у калоніі №14 пад Барысавам.
У чэрвені 2023 года, напярэдадні вызвалення, Яфімаву зладзілі новы суд: суддзя Святлана Самусева дадала яшчэ 1 год зняволення паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі»). Калі і гэты тэрмін скончыўся, яго зноў асудзілі — гэтым разам суддзя Людміла Зінкевіч прызначыла яшчэ год турмы па тым жа артыкуле.
Апошнім месцам утрымання Яфімава была следчая турма №8 у Жодзіне. Цяпер жа ён урэшце пасля адбытых трох тэрмінаў апынуўся на волі.
Чытайце таксама:
Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня
Звычка да кратаў. Былы палітзняволены медык расказаў, што турма робіць з вязнямі і іх наглядчыкамі
Журналіст Ігар Карней пра тое, як атрымаў у спадчыну рэпрэсаваныя гены
Як змяніліся беларусы пасля 2020 года? Цікавае назіранне былога палітвязня