БЕЛ Ł РУС

ЗША могуць у якасці гарантый бяспекі закрыць неба над Украінай

21.08.2025 / 18:47

Nashaniva.com

ЗША разглядаюць магчымасць стварэння беспалётнай зоны над Украінай як адзін з варыянтаў гарантый бяспекі пасля вайны. Гэта можа ўключаць не толькі працу амерыканскіх знішчальнікаў, але і пастаўку вялікай колькасці сістэм супрацьпаветранай абароны (СПА). Агенцтва Reuters піша, што планы падрыхтавалі амерыканскія вайскоўцы разам з еўрапейскімі калегамі.

Амерыканскія зенітна-ракетныя комплексы Patriot. Фота: Mindaugas Kulbis / AP

Гэтыя варыянты будуць прадстаўлены дарадцам па нацыянальнай бяспецы для далейшага разгляду ў рамках дыпламатычных намаганняў. У Вашынгтоне прайшлі сустрэчы міністраў абароны ЗША, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Украіны, дзе абмяркоўвалі сцэнары вайсковай дапамогі. Разглядаліся таксама магчымасці ўводу еўрапейскіх войскаў у Украіну пад кантролем ЗША, але Масква супраць прысутнасці войскаў НАТА ў краіне.

19 жніўня Дональд Трамп заявіў, што гарантыі бяспекі для Украіны могуць уключаць падтрымку амерыканскай авіяцыі, хоць пра ўступленне Украіны ў НАТА гаворка пакуль не ідзе.

Выданне The Times паведамляла, што еўрапейскія краіны прапанавалі размясціць у Румыніі амерыканскія знішчальнікі F-35, каб стрымліваць Расію пасля магчымых пагадненняў аб мірным урэгуляванні. У Румыніі будуецца найбольшая авіябаза НАТА ў Еўропе.

У сакавіку еўрапейскія вайскоўцы разам з украінскімі ВПС распрацавалі план «Нябесны шчыт» для абароны заходніх і цэнтральных рэгіёнаў Украіны ад расійскіх ракет і дронаў. Паводле яго, 120 еўрапейскіх знішчальнікаў могуць эфектыўна замяніць больш за 10 000 войскаў на зямлі і закласці аснову пасляваенных гарантый бяспекі.

Раней заходнія лідары тлумачылі, што не закрываюць неба над Украінай для таго, каб не правакаваць ядзерны канфлікт з Расіяй, у адрозненне ад сітуацыі з Ізраілем, які падвяргаецца паветраным абстрэлам з боку Ірана і яго проксі.

Чытайце таксама:

МЗС Расіі пракаментаваў магчымасць размяшчэння войскоўцаў краін НАТА ва Украіне

Трамп заклікаў Пуціна «быць рэалістам» пры абмеркаванні ўкраінскіх тэрыторый

У Еўропе не ведаюць, адкуль узяць салдат для адпраўкі міратворцаў ва Украіну

Трамп астыў да ідэі арганізаваць сустрэчу Пуціна і Зяленскага

Каментары да артыкула