БЕЛ Ł РУС

У Мінску пенсіянер засумаваў па паляванні і стрэліў у ката

22.08.2025 / 16:8

Nashaniva.com

На разгляд у суд накіравалі крымінальную справу ў дачыненні да 67-гадовага мужчыны, якога абвінавачваюць у жорсткім абыходжанні з жывёлай, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Фота ілюстрацыйнае

Некалькі гадоў таму абвінавачаны набыў пнеўматычную вінтоўку. У адзін з чэрвеньскіх дзён 2025 года мужчына знаходзіўся дома, у кватэры на вуліцы Галадзеда. Яму стала сумна, і ён успомніў часы, калі хадзіў на паляванне. Тады пенсіянер дастаў вінтоўку, выйшаў на балкон і ўбачыў бяздомнага ката, у якога і стрэліў.

Параненую жывёліну знайшла неабыякавая мясцовая жыхарка і перадала валанцёрам. Тыя аднеслі ката ў ветэрынарную клініку, дзе з яго спіннога мозгу дасталі кулю. На жаль, з-за атрыманага пашкоджання ён ужо не зможа самастойна перасоўвацца.

Праз два тыдні ў кватэру пенсіянера пастукалі міліцыянеры. Ён прызнаўся ім у зробленым. У дачыненні да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу. Пры гэтым адзначаецца, што ў момант здзяйснення злачынства ён быў цалкам цвярозы.

«Абвінавачаны раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, — пракаментавала намесніца пракурора Заводскага раёна Вікторыя Кунцэвіч. — Яму выстаўлена абвінавачанне ў жорсткім абыходжанні з жывёлай, якое пацягнула яе калецтва, учыненае з хуліганскіх і іншых нізкіх матываў, гэта значыць у злачынстве, прадугледжаным ч. 1 арт. 339-1 КК, санкцыя якога — арышт або абмежаванне свабоды на тэрмін да двух гадоў».

Чытайце таксама:

«Залез да яе ў акно». Што гавораць суседзі дзяўчыны, на якую ўчора напаў хлопец з нажом

Пад Мінскам камунальнікі забілі сабаку і з'ехалі. У ЖКГ ва ўсім абвінавацілі «канапных крытыкаў»

У вёсцы пад Брэстам мясцовыя жыхары рэгулярна канфліктуюць з адпачывальнікамі. Дайшло да абстрэлу электрамабіля

Каментары да артыкула