БЕЛ Ł РУС

МЗС Украіны: Зяленскі гатовы абмяркоўваць пытанне тэрыторый, але толькі на сустрэчы з Пуціным

23.08.2025 / 12:16

Nashaniva.com

«Пачатак размоў па тэрытарыяльным пытанні — гэта лінія судакранання, якая там цяпер праходзіць».

Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гатовы абмеркаваць пытанне тэрыторый, але толькі на сустрэчы з Пуціным. Пра гэта ў інтэрв'ю NBC News заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Украіны Сяргей Кісліца.

«Калі мы гаварылі аб тэрытарыяльных праблемах, я думаю, прэзідэнт Зяленскі ясна даў зразумець, што гатовы сесці з прэзідэнтам Пуціным і абмеркаваць іх, і пачатак размоў па тэрытарыяльным пытанні — гэта лінія судакранання, якая там цяпер праходзіць», — сказаў Кісліца.

Ён дадаў таксама, што ўкраінскае грамадства супраць абмену тэрыторый на мір. А Зяленскі «кіруецца як дзейным заканадаўствам Украіны, так і грамадскай думкай».

Сам Уладзімір Зяленскі сёння падчас выступу на ўрачыстасцях да Дня дзяржаўнага сцяга заявіў, што Украіна «сваю зямлю не падорыць акупанту».

Раней дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк казаў, што адным з базавых сцэнарыяў завяршэння вайны ва Украіне можа стаць замарожванне канфлікту ўздоўж цяперашняй лініі фронту. «Гэта тэрыторыі, якія сёння дэ-факта акупаваныя Расіяй. Яны такімі і застануцца. А далей будзе вялікая праца эканамічнымі, дыпламатычнымі і іншымі інструментамі, каб вярнуць гэтыя тэрыторыі ва Украіну. Але дэ-юрэ яны будуць заставацца ўкраінскімі», — сказаў Падаляк.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула