БЕЛ Ł РУС

З Украіны ў Іспанію вярнулі сабаку загінулага іспанскага добраахвотніка. Іспанскі консул асабіста шукаў яго

26.08.2025 / 15:37

Nashaniva.com

Пасля гібелі бацькі на вайне 10-гадовы Бельтран марыў толькі пра адно — каб вярнуўся Ёсі, сабака, што быў побач з татам да самага апошняга дня. І вось праз месяцы надзей і роспачы мара споўнілася, піша DW.

Мігель Кармона і Ёсі, у чэрвені мінулага года ў Данецкай вобласці. Фотаздымак прадастаўлены СМІ яго пабрацімамі

Іспанец Мігель Кармона паехаў ваяваць за Украіну ў сакавіку 2024 года, узяўшы з сабой сабаку па мянушцы Ёсі. Свой учынак ён жартам патлумачыў тым, што не разлічваў на зносіны з украінцамі, бо не ведаў іх мовы, і толькі сабака мог зрабіць яму кампанію. Украінскае начальства не пярэчыла, і Ёсі жыў у казарме разам з іспанцам.

Так працягвалася да 10 чэрвеня, калі гаспадар загінуў на перадавой.

Пасля яго смерці ўдава іспанскага добраахвотніка Ева Альварэс вырашыла вярнуць сабаку дадому. Яна хацела, каб у яе сына — 10-гадовага Бельтрана — была памяць пра бацьку.

З просьбай знайсці сабаку жанчына звярнулася да іспанскіх дыпламатаў, вайскоўцаў УСУ, былых саслужыўцаў мужа, супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый і да прэсы.

Яна нават выказала гатоўнасць адправіцца ва Украіну — у зону баявых дзеянняў — каб самастойна пашукаць Ёсі.

Два месяцы пошукаў не прынеслі вынікаў. Пасля смерці гаспадара за сабакам прыглядаў яго саслужывец, калумбійскі добраахвотнік Даніла. Але ён быў цяжка паранены і да гэтага часу застаецца ў шпіталі.

Сабака знік, а потым нібыта апынуўся ў Славянску.

У пошуках Ёсі дапамог іспанскі консул ва Украіне. У выніку ўкраінскія вайскоўцы знайшлі і даставілі цалкам здаровага сабаку ў Кіеў. Тут яго прытулілі валанцёры і праз некаторы час адправілі на машыне ў Іспанію.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула