БЕЛ Ł РУС

Зяленскі падпісаў закон, у якім замацавана вызначэнне «рашызму»

30.08.2025 / 9:47

Nashaniva.com

«Рашызм» у законе вызначаны як «новая разнавіднасць таталітарнай ідэалогіі і практык, што ляжаць у аснове рэжыму, сфарміраванага ў дзяржаве-агрэсары (Расіі), і грунтуюцца на традыцыях расійскага шавінізму і імперыялізму, практыках камуністычнага рэжыму СССР і нацыянал-сацыялізму (нацызму)».

Photo credit should read Hennadii Minchenko/ Ukrinform/Future Publishing via Getty Images

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон «Аб асновах дзяржаўнай палітыкі нацыянальнай памяці ўкраінскага народа»: у ім на афіцыйным узроўні замацавана паняцце «рашызм», паведамілі ў Вярхоўнай Радзе Украіны, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.

«Рашызм» у законе вызначаны як «новая разнавіднасць таталітарнай ідэалогіі і практык, што ляжаць у аснове рэжыму, сфарміраванага ў дзяржаве-агрэсары (Расіі), і грунтуюцца на традыцыях расійскага шавінізму і імперыялізму, практыках камуністычнага рэжыму СССР і нацыянал-сацыялізму (нацызму)».

У законе замацаваная абарона памяці ўкраінскай мовы і культурнай спадчыны як складнікаў нацыянальнай бяспекі Украіны.

«Пры ўзброенай агрэсіі супраць Украіны, што пачалася ў лютым 2014 года, дзяржава-агрэсар маніпулюе інтэрпрэтацыямі гістарычных падзей. Адна з складнікаў узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі — імкненне пазбавіць украінцаў іх гістарычнай памяці», — таксама сказана ў дакуменце.

Закон таксама дае вызначэнні такіх паняццяў, як «вайна за незалежнасць Украіны», «нацыянальная памяць», «гістарычная антыўкраінская прапаганда», «злачынствы супраць украінскага народа» і дэкларуе ўсебаковую падтрымку дзяржавы ў ажыццяўленні навуковых даследаванняў па гісторыі Украіны і папулярызацыі гісторыі краіны.

Тэрмін «рашызм» пачаў выкарыстоўвацца пасля ўварвання расійскіх войскаў у Грузію ў жніўні 2008 года. Пазней ва Украіне ён быў вызначаны як «ідэалогія і практыка кіруючага рэжыму Расійскай Федэрацыі» і стаў выкарыстоўвацца пасля анексіі Расіяй Крыму ў 2014 годзе. Шырокае распаўсюджанне ён атрымаў з пачаткам паўнамаштабнай вайны ў лютым 2022 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула