БЕЛ Ł РУС

У верасні Карпушонак планавала трапіць на сесію ПАРЕ, але апошні месяц яе паводзіны змяніліся — Ворыхава

3.09.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Прадстаўніца па справах моладзі і студэнцтва Аб'яднанага пераходнага кабінета Маргарыта Ворыхава, якая блізка працавала з дэлегаткай Каардынацыйнай рады Вольгай Карпушонак, расказала пра яе больш у эфіры «Еўрарадыё».

Вольга Карпушонак. Фота: фэйсбук

Маргарыта Ворыхава пазнаёмілася з Вольгай Карпушонак падчас выбараў дэлегацыі ў ПАРЕ ад Каардынацыйнай рады. Больш шчыльныя працоўныя і асабістыя стасункі пачаліся падчас сумеснай паездкі на сесію ПАРЕ.

«Яна заўсёды прэзентавала сябе як тую, хто адвакатуе правы беларусаў. (…) Яна выглядала напрыканцы нашага супрацоўніцтва з ёй як чалавек, якому вельмі баліць за беларусаў», — падкрэслівае Маргарыта.

Яна прыгадвае сустрэчу з украінскай дэлегацыяй, дзе Карпушонак прадэманстравала глыбокае разуменне праблем беларусаў ва Украіне і кампетэнтна ўздымала важныя пытанні.

Адносіны з Паўлам Латушкам

Асобна Ворыхава спыняецца на адносінах Карпушонак з Паўлам Латушкам. Па яе назіраннях, паміж імі не было ніякіх бачных канфліктаў ці праблем:

«Яны паводзілі сябе даволі па-сяброўску, скажам так, па міміцы там не было зразумела, што там нейкі ёсць бэкграўнд, калі ён быў», —

кажа яна. Менавіта адсутнасць бачных канфліктаў у мінулым прымушае Ворыхаву схіляцца да версіі аб знешнім умяшанні ў сітуацыю з Вольгай.

«Я бачыла гэтае вось узаемадзеянне паміж Вольгай і паміж Паўлам, я б зрабіла такую выснову, што гэта можа быць усё ж такі правакацыя спецслужбаў, таму што гэта (дамаганні і пагрозы. — НН) было б бачна хаця б у нечым.

Таму я вось зараз схіляюся больш да версіі таго, што (…) можа, напрыканцы працы з ёй штосьці здарылася, ці там, не ведаю, нейкае было псіхалагічнае становішча, якое яе, як бы, прымусіла да таго, каб яна пасупрацоўнічала са спецслужбамі».

Маргарыта Ворыхава. Скрын відэа: EuroradioLive / YouTube

Змена настрою ў апошні месяц

Па словах Ворыхавай, у яе з Карпушонак былі даволі блізкія стасункі, яны перапісваліся па-за працай.

Аднак за апошні месяц, у жніўні, Маргарыта заўважыла трывожныя змены ў паводзінах і настроі Вольгі. Яна мяркуе, што ў Карпушонак мог быць «крыху дэпрэсіўны стан», выкліканы расчараваннем у працы ці нерэалізаванымі амбіцыямі.

«Штосьці такое было ў яе ў тоне камунікацыі, што паказвала, што яна, можа, не ў самым лепшым стане», — тлумачыць Маргарыта і дзеліцца назіраннем, што іх зносіны сталі іншымі:

«Яна заўсёды была такая больш аптымістычная, яна жартавала неяк у камунікацыі. А вось апошнія разы яна проста неяк суха адказвала на паведамленні».

Гэта было асабліва заўважна падчас падрыхтоўкі да сесіі ПАРЕ, у якой у верасні Карпушонак планавала ўдзельнічаць:

«Мы абмяркоўвалі нейкія тэзісы, якія яна прэзентавала на гэтай сесіі ПАРЕ, якая адбудзецца вось менавіта ўжо ў верасні, то-бок яна планавала на яе трапіць неяк. І вось у гэтай камунікацыі яна проста вяла сябе неяк не па-сяброўску, не так, як звычайна».

Гэтыя змены ў паводзінах, на думку Ворыхавай, могуць быць ключом да разумення сітуацыі. Яна не выключае, што менавіта ў гэты момант псіхалагічнай уразлівасці на Вольгу маглі выйсці спецслужбы.

«Можа быць, якраз у гэты момант такога асабістага ўпадку да яе звярнуліся спецслужбы і ў гэты момант пачалі апрацоўку, можа, ёй пачалі пагражаць чымсьці. Я не ведаю гэтых дэталяў, але вось такое ў мяне асабістае адчуванне», — дзеліцца сваёй гіпотэзай Маргарыта.

Чытайце таксама:

Карпушонак апублікавала тэкст сваёй заявы на Латушку ў іспанскую пракуратуру

Дэлегатка КР Карпушонак пасля маўчання апублікавала відэа

Дзе ж сама дэлегатка КР Карпушонак, якая абвінаваціла Латушку?

«Яе дзеянні інспіраваныя спецслужбамі». Павел Латушка даў жывы эфір і адказаў на абвінавачванні Вольгі Карпушонак у дамаганнях

Каментары да артыкула