БЕЛ Ł РУС

Карпушонак апублікавала тэкст сваёй заявы на Латушку ў іспанскую пракуратуру

2.09.2025 / 23:49

Nashaniva.com

На старонцы дэлегаткі Каардынацыйнай рады Вольгі Карпушонак апублікаваны англамоўны тэкст заявы ў Генеральную пракуратуру Іспаніі з абвінавачваннямі на адрас Паўла Латушкі. Як сцвярджаецца, такая самая заява дасланая і ў «праваахоўныя органы Польшчы». 

Вольга Карпушонак. Фота з яе сацсетак

У заяве Вольга Карпушонак патрабуе завесці крымінальную справу па факце здзяйснення злачынства сэксуальнага характару і крымінальных пагроз, забяспечыць захаванне доказаў і інфармаваць яе пра зробленыя працэсуальныя дзеянні.

Карпушонак пераказвае ўсе абвінавачванні на адрас Паўла Латушкі, якія ўжо раней сталі вядомыя з апублікаваных відэа з яе ўдзелам.

У якасці доказаў яна прапануе прыняць «копіі SMS-паведамленняў», але для грамадскасці зноў нічога не публікуецца.

Акрамя таго, Карпушонак пацвярджае, што ўжо пакінула тэрыторыю Іспаніі, пра што раней стала вядома з інтэрв'ю Таццяны Мартынавай. 

Як сцвярджаецца ў дакуменце, «нават у Іспаніі я не знайшла спакою». Нібыта пасля запісаных відэа жанчына «пачала атрымліваць новыя пагрозы ад невядомых асобаў, якія знайшлі мяне нават праз мэсенджар Telegram. Адна з пагроз утрымлівала маё дакладнае месцазнаходжанне і таемна зробленую маю фатаграфію».

«З кожным днём страх за маё жыццё станавіўся невыносным. Я прыняла балючае рашэнне пакінуць Еўрапейскі Саюз. У той жа час вяртанне ў Беларусь немагчымае з-за крымінальнага пераследу. У цяперашні момант я знаходжуся ў адносна бяспечным месцы, але трывога мяне не пакідае», — напісана ў заяве.

Вярнуць душэўны спакой Вользе Карпушонак можа толькі «прыцягненне Паўла Латушкі да адказнасці, каб справядлівасць перамагла».

Чытайце таксама:

Мартынава: Карпушонак сказала мне, што вылецела з Іспаніі

Нехта ад імя Вольгі Карпушонак выйшаў на сувязь з «Нашай Нівай»

Лявончык: Сумняюся, што Карпушонак кантралюе свой акаўнт. Гэта абароты з падручніка прапаганды

«Такое ж пошлае і дурное». У Латушкі адказалі на новае відэа Вольгі Карпушонак

Дэлегатка КР Карпушонак пасля маўчання апублікавала відэа

«Яе дзеянні інспіраваныя спецслужбамі». Павел Латушка даў жывы эфір і адказаў на абвінавачванні Вольгі Карпушонак у дамаганнях

Каментары да артыкула