БЕЛ Ł РУС

Бясплатная вакцынацыя беларусак ад віруса папіломы чалавека зноў адкладаецца

5.09.2025 / 14:1

Nashaniva.com

Вакцына супраць віруса папіломы чалавека для бясплатнай вакцынацыі дзяўчат ва ўзросце 11 гадоў мусіла паступіць у арганізацыі аховы здароўя Беларусі яшчэ ў маі — тады Мінздароўя планавала забяспечыць усіх першай дозай вакцыны, а ў кастрычніку-лістападзе 2025-га ўжо і другой. Але праз лагістычныя затрымкі гэтыя тэрміны пасунуліся — спачатку медыкі арыентавалі, што пачнуць прышчапляць у верасні, цяпер з няўпэўненасцю спадзяюцца на кастрычнік.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Па афіцыйнай версіі Мінздароўя, гэта звязана з пытаннямі, якія ўзніклі да пастаўшчыка, з якім першапачаткова вяліся перамовы — цяпер ён у «чорным» спісе.

«Пастаўшчык прыняў абавязак паставіць вакцыну ў вызначаны тэрмін, аднак не выканаў яго. Улічваючы, што беларускія спецыялісты дагэтуль не атрымалі ад вытворцы інфармацыю пра праходжанне фінальнага кантролю якасці, які пацвярджае бяспеку вакцыны, прынята рашэнне аб разрыве кантракту і правядзенні новай працэдуры дзяржаўнай закупкі», — інфармавалі ў Міністэрстве.

Пасля гэтага пачаліся пошукі новага пастаўшчыка.

«Спадзяемся, дамова з іншым пастаўшчыком будзе падпісаная, і ў ідэале мы зможам пачаць вакцынацыю ў кастрычніку», — паведамілі журналісту «Нашай Нівы» як прыватнай асобе ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. «Так ці інакш, калі дзяўчына-падлетак была раней пастаўленая ў чаргу, яна будзе прышчэпленая. Таксама ўсе дзяўчынкі 2014 года нараджэння атрымаюць вакцыны бясплатна, яны тут у прыярытэце».

У заяўцы Мінздароўя на закупку лекавых сродкаў у 2025 годзе на вакцыну супраць віруса папіломы чалавека было запланавана выдаткаваць 12 066 615,52 рублёў.

Нагадаем, у свеце вакцынацыя ад ВПЧ пачалася ў 2006 годзе. Аўстралія адной з першых укараніла нацыянальную праграму вакцынацыі супраць ВПЧ. Больш за 125 краін свету ўключылі вакцыну ад ВПЧ у свае нацыянальныя праграмы імунізацыі дзяўчынак, а 47 краін — і хлопчыкаў. Сярод іх Літва, Польшча, Грузія, Казахстан, Узбекістан, Албанія і іншыя. У некаторых з гэтых краін вакцына цалкам бясплатная ці фінансуецца з бюджэту выключна для непаўнагадовых.

У Беларусі даўно ішло абмеркаванне, каб унесці вакцынацыю ад ВПЧ у нацыянальны каляндар прышчэпак і рабіць яе бясплатна. У 2024 годзе такое рашэнне нарэшце было прынятае для 11-гадовых беларусак.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула