Праваабаронцы запусцілі маніфест Release N:OW з заклікам да гуманітарных перамоў
7 верасня споўняецца пяць гадоў з дня арышту Марыі Калеснікавай. Да гэтай даты яе сястра Таццяна Хоміч разам з шэрагам праваабарончых ініцыятыў абвяшчаюць пра запуск маніфесту з патрабаваннем вызваліць палітвязняў і пачаць гуманітарны дыялог з Мінскам, піша Reform.news.
Марыя Калеснікава. Малюнак Алы Татур
Ініцыятыва атрымала назву Release N:OW. Гэта сумесны праект платформы politzek.me, асацыяцыі сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў FreeBelarusPrisoners, фонду «21 мая», Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва і ініцыятывы Taskforce Belarus. Агульная мэта — дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, прыцягваючы міжнародную ўвагу да становішча ў турмах, мабілізуючы грамадскае і палітычнае прызнанне і вядучы сістэмны дыялог з тымі, хто прымае рашэнні ў Еўропе.
Аўтары ініцыятывы настойваюць на карэкціроўцы стратэгіі дэмакратычных сіл. Па іх версіі, прыярытэтам была «змена рэжыму», якая прывядзе да вызвалення палітвязняў. Зараз жа неабходна зрабіць вызваленне людзей і пачатак дыялогу з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі галоўным прыярытэтам.
«На працягу многіх гадоў прыярытэтам стратэгіі дэмакратычных сіл і міжнародных партнёраў была змена рэжыму ў Беларусі, і вызваленне людзей разглядалася як вынік гэтага працэсу. Прайшло пяць гадоў. Мы заклікаем адаптаваць стратэгію да рэальнасці: зрабіць вызваленне людзей і пачатак дыялогу з Мінскам галоўным прыярытэтам», — гаворыцца ў прэс‑рэлізе.
На думку аргазатараў, беларускаму грамадству неабходна паказаць запыт на змену фокусу.
Сэрцам кампаніі стаў Release N:OW Manifesto — публічны заклік да дзеянняў.
Дакумент адкрыты для індывідуальных подпісаў і подпісаў ад імя арганізацый; прыхільнікаў просяць распаўсюджваць яго і такім чынам падтрымліваць «гуманітарны трэк» як шлях вяртання людзей дадому. Кожны новы подпіс, падкрэсліваюць ініцыятары, ўмацоўвае сігнал, што «дээскалацыя і дыялог магчымыя і жаданыя беларусамі ўжо цяпер — і што Еўропе варта адыграць у гэтым актыўную ролю».
Тэкст і форма для падпісання даступныя на сайце releasenow.org/manifesto.
Маніфест падтрымалі вядучыя беларускія і міжнародныя праваабарончыя групы, сярод іх: Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека (Вільня), «Прававая ініцыятыва», ПЭН‑Беларусь, Human Constanta, Respect—Protect—Fulfill, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Lawtrend, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, «Лекары за праўду і справядлівасць», Free Belarus Center, Politvyazynka і іншыя.
Арганізатары падкрэсліваюць: беларускі крызіс нельга вырашыць далейшай эскалацыяй. Выхад яны бачаць у дээскалацыі, дыялогу і неадкладным вызваленні палітвязняў.