Пад Лагойскам сёння ноччу перакуліўся аўтамабіль. Айфон кіроўцы сам адправіў паведамленне ў МНС
Сёння ноччу на Мінска-Віцебскай аўтамагістралі каля вёскі Казыры перакуліўся «Хёндай Лантра». Кіроўца не мог сам выбрацца з машыны.
Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лагойскага РАНС Вікторыя Жук распавяла Kraj.by: «Айфон кіроўцы аўтамабіля сёння ноччу, 11 верасня, каля 00:55 у цэнтр аператыўнага кіравання Лагойскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях адправіў паведамленне аб тым, што яго ўладальнік трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне. У паведамленні былі пазначаны каардынаты: 61 кіламетр аўтамагістралі М3 «Мінск — Віцебск». Гэта недалёка ад вёскі Казыры».
Са слоў Вікторыі Жук, ратавальнікі выехалі на месца і пры дапамозе адмысловай прылады дасталі кіроўцу з машыны. Пасля гэтага брыгада хуткай дапамогі адвезла ўладальніка машыны, а таксама яго пасажыра ў Мінскую абласную клінічную бальніцу. Праверку па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіць Дзяржаўтаінспекцыя.
Папярэдне ўстаноўлена, што кіроўца збіў дзіка. У выніку легкавік з'ехаў у правы па ходзе руху кювет, дзе ўрэзаўся ў дрэва і перакуліўся.