БЕЛ Ł РУС

«Праверылі пашпарты і не пусцілі». Што расказалі пасажыры аўтобуса, які не паспеў заехаць у Польшчу

12.09.2025 / 8:26

Nashaniva.com

Польскі бок перастаў прымаць транспарт з пункта пропуску «Брэст» 12 верасня а 1.00 па мінскім часе. Затым польскія сілавікі расцягнулі калючы дрот і паставілі металічны плот. Заехаць у пункт пропуску «Тарэспаль» не паспелі некалькі аўтобусаў і легкавы аўтамабіль. Яны былі вымушаныя вярнуцца ў пункт пропуску «Брэст» для афармлення на ўезд у Беларусь, піша БелТА.

Фота: БелТА

«Перад самым шлагбаумам нас не пусцілі палякі. Здалі назад — і заднім ходам сюды (у пункт пропуску «Брэст»). Вельмі дрэнна. Паўтара сутак правялі ў чаканні — і не пусцілі. Было яшчэ ў нас 40 хвілін, але чаму не пусцілі — не зразумела», — з горыччу адзначыў кіроўца рэйсавага аўтобуса да Кёльна Сяргей.

Пасажырка аўтобуса Маргарыта не хавае свайго абурэння.

«Зараз прыедзем у Мінск. Далей трэба дабірацца ў горад, адкуль я прыехала. Трэба купіць білет, зняць гатэль — гэта ўсё звязана з пэўнымі цяжкасцямі. Білеты прапалі», — расказала жанчына, ледзь стрымліваючы эмоцыі.

Лілія з дзіцем не патрапіла дадому ў Германію, а правяла ў чарзе ў чаканні ўезду ў Польшчу паўтара сутак.

«Вельмі крыўдна. У апошнія 10 хвілін былі ўпэўнены, што пройдзем, таму што мы заехалі ўжо бліжэй да палякаў. Яны праверылі нашы пашпарты, а потым чамусьці прынялі рашэнне нас не пускаць», — расказала пасажырка. У Беларусі яе сям’я гасціла ў сваякоў.

«Вярталіся дадому ў Германію. Цяпер праз Літву паедзем», — з роспаччу дадала жанчына.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула