БЕЛ Ł РУС

Свет проста яшчэ не ўяўляе маштабаў таго, што адбываецца ў Беларусі — Мікола Дзядок

12.09.2025 / 15:31

Nashaniva.com

«Трох прэс-канферэнцый не хопіць, каб расказаць усё тое, што кожны з палітвязняў перажыў. Я вас запэўніваю, што калі пройдзе дзесяцігоддзе і мы пабачым гэтыя гады, у якія мы зараз жывём у Беларусі, яны ўвойдуць як новы 37-ы год»

Мікола Дзядок. Скрын відэа: svetlana_tsikhanouskaya / YouTube

Выступаючы на прэс-канферэнцыі анархіст Мікола Дзядок звярнуў увагу на расказ лідара Партыі зялёных Дзмітрыя Кучука пра тое, як яго катавалі ў СІЗА і калоніі. Аднак, па яго словах, гэта «гэта нават не адна дзясятая таго, што сапраўды адбываецца».

Далей прыводзім яго выступленне цалкам:

«Я зараз кажу вам, сябры, з поўнай адказнасцю і афіцыйна: свет проста яшчэ не ўяўляе маштабаў таго, што адбываецца ў Беларусі. Тых парушэнняў правоў чалавека, тых здзекаў, гвалту ўсіх відаў: псіхалагічны, фізічны, сэксуальны гвалт. Калі я пачну гэта ўсё пералічваць, нам трох прэс-канферэнцый не хопіць для таго, каб усё гэта расказаць.

Я не буду зараз пра сябе асабіста казаць, што я зазнаў, бо насамрэч прыкладна ва ўсіх палітвязняў плюс-мінус адна гісторыя. Я не ведаю гэтую д'ябальскую логіку, як яны вырашаюць, каго больш ціснуць, каго менш, з каго больш здзекавацца, каго даводзіць да вар'яцтва, каго яшчэ да чагосьці.

Асабіста я з пяці без малога год свайго зняволення год правёў у штрафным ізалятары. Калі б людзі з цывілізаванага свету пабачылі, што такое штрафны ізалятар, яны б падумалі, што яны апынуліся ў Сярэднявеччы.

Я асабіста знаходзіўся ў адзіночнай камеры, і ўвосень — гэта было ў гарадзенскай турме — я прачынаўся ўначы ад таго, што дарослыя мужыкі вылі і звалі сваю маму. Ноччу, сярод ночы, настолькі яны пакутавалі ў гэтым штрафным ізалятары ад холаду. Людзі не маглі спаць.

На маіх вачах людзі з'язджалі з глузду, вар'яцелі. Не ў пераносным сэнсе, а ў прамым. Яны пачыналі чуць галасы, проста.

І ведаеце што? Ніхто іх нават ні разу не ўдарыў. Нехта думае, што катаванні — гэта калі паставілі чалавека на дыбу, пачалі расцягваць і калёнымі абцугамі яго мышцы выдзіраць. Насамрэч, не.

Я пераканаўся, бачачы тое, што я зараз пабачыў, што чалавека можна давесці да вар'яцтва ці да смерці, проста пакінуўшы яго ў адзіночнай камеры. Проста адміністрацыя пачынае маніпуляваць ягонымі базавымі патрэбамі, і чалавек проста з'язджае з глузду ці памірае. Трэба толькі час. Я ў гэтым упэўніўся і бачыў гэта сам.

Таму ў мяне вялікая просьба да ўсіх, хто мяне пачуе, да палітычных элітаў заходніх краінаў. Я разумею, канешне, што зараз, магчыма, на фоне вайны ва Украіне, тых жахаў, што там адбываюцца, магчыма, мы ўжо і не такімі важнымі выглядаем.

Што тым не менш, калі ласка, звярніце ўвагу, калі ласка, не спыняйцеся рабіць тое, што вы робіце, таму што гэта сапраўды важна. Там знаходзяцца людзі, якія чакаюць вашай дапамогі. Ім, акрамя вас, не дапаможа больш ніхто. Таму што ў Беларусі, на жаль, такая сітуацыя, што ўсталяваўся тэрор, людзі нічога не вырашаюць.

Тое, як мы бачылі ў часы, не ведаю, Махатмы Гандзі, Нэльсана Мандэлы, што гэты негвалтоўны супраціў, — на сённяшні дзень у тым людажэрскім рэжыме ў Беларусі гэта не працуе.

Людзей проста вынішчаюць. Ніхто не ведае статыстыкі па самагубствах у нашых турмах, ніхто не ведае статыстыкі па псіхічных разладах. Адбываюцца рэчы страшныя.

Я сам толькі на пэўным этапе зразумеў гэты маштаб. Я вас запэўніваю, што калі пройдзе дзесяцігоддзе і мы пабачым гэтыя гады, у якія мы зараз жывём у Беларусі, яны ўвойдуць як новы 37-ы год. Іх будуць вывучаць у школе. Па гэтых тэхналогіях рэпрэсій, здзекаў, вынішчэння чалавека будуць пісаць доктарскія дысертацыі.

І таму яшчэ раз хачу сказаць, яшчэ раз паўтаруся: калі ласка, не спыняйцеся. Там сядзяць людзі, і толькі ваш ціск, толькі ваша свядомасць, плюс мужнасць тых, хто застаўся ў Беларусі, вашая настойлівасць, яны дапамогуць ім не проста выйсці на свабоду, а проста застацца жывымі. Яшчэ раз хачу ўсім падзякаваць. Я веру, канешне, ў лепшае, у тое, што свабода і праўда пераможа, і я заклікаю вас таксама да гэтага верыць. Дзякуй за ўвагу».

Чытайце таксама:

Лідар Партыі зялёных Дзмітрый Кучук расказаў пра тое, як яго катавалі ў СІЗА і калоніі

Мікола Дзядок: Варыянт застацца ў турме не разглядаў

Прынамсі ў часткі палітвязняў перад тым, як выслаць з Беларусі, адабралі пашпарты

Каментары да артыкула