На патрэбы вызваленых палітвязняў сабралі 109 тысяч еўра
Заяўленая сума ў скарбонцы ў два разы перавышае першапачатковую ў 50 тысяч еўра, але збор працягваецца.
У чацвер па абедзе стала вядома, што Лукашэнка вызваліў 52 чалавек, якіх вывозяць за мяжу. Праз тры гадзіны быў абвешчаны тэрміновы збор грошай.
Першапачаткова меркавалася, што кожны палітвязень атрымае па тысячы еўра, а агулам патрэбна 50 тысяч еўра.
«Кожны вызвалены атрымае €1000 праз BYSOL са сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду, аднак гэтай сумы недастаткова для закрыцця ўсіх пытанняў. Таму мы адкрывам збор на €50000 для дапамогі палітвязням, якія былі выпушчаныя. Мы мяркуем, што многія з іх будуць у цяжкім стане і некаторым спатрэбіцца тэрміновая дапамога», — паведамлялася на платформе ўвечары ў чацвер.
Крыху больш чым за тры гадзіны, яшчэ да дзявятай вечара чацвярга, гэтая сума была сабраная. Па стане на раніцу суботы было 100 тысяч, але потым тэмпы істотна замарудзіліся, і па стане на раніцу панядзелка сабрана 109 240 еўра.
Тым часам збор працягваецца і паўдзельнічаць у ім можна тут.
Як казаў раней у інтэрв'ю «Нашай Ніве» кіраўнік фонду «Байхэлп» Аляксей Лявончык, каб адлекаваць аднаго палітзняволенага ад А да Я, то варта закладаць тысяч 10 еўра.
«І гэта чыста медычныя затраты. А ёсць жа куча немедычных затрат. У ідэале нам патрэбная служба сацыяльнай і псіхалагічнай дапамогі, каб дапамагаць людзям інтэгравацца. Людзі выходзяць з траўмай, параўнальнай з ваеннай. Вельмі шмат з іх не ведае ніякай мовы. Яны пасля турмы ў шоку. Двух месяцаў пражывання ў шэлтарах часта не хапае. Калі мы кажам пра паўнавартасную дапамогу, то гэта будзе каштаваць куды больш грошай», — казаў Аляксей у інтэрв'ю НН у канцы жніўня.