БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік акупаванай Херсоншчыны напісаў пра пастаўкі з Беларусі медтэхнікі, але праілюстраваў гэта дзіўна

15.09.2025 / 21:15

Nashaniva.com

«Абмяркоўваем пастаўкі сучаснага медыцынскага абсталявання для нашых бальніц», — сцвярджаў Уладзімір Сальда ў сваім канале, пры гэтым на прыкладзеных фота ён і ягоныя паплечнікі некуды цэляцца са стралковай зброі.

«Наведалі ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб'яднанне» — прадпрыемства з багатай гісторыяй, якое вырасла з Мінскага механічнага завода імя С. І. Вавілава.

Для Херсонскай вобласці супрацоўніцтва з такім перадавым партнёрам мае асаблівае значэнне. Абмяркоўваем пастаўкі сучаснага медыцынскага абсталявання для нашых бальніц, запуск сумеснай вытворчасці аптычных медыцынскіх прыбораў, стварэнне новых працоўных месцаў», — каментуе зробленыя падчас візіту ў Мінск ваяўнічыя фота кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда.

Пасля ён увогуле выдаліў пост пра наведванне завода Вавілава ў Мінску.

На сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй на чале з Сальда і ягоныя словы пра акупаваную частку Херсоншчыны адрэагавала ўкраінскае МЗС.

Ва ўкраінскім ведамстве назвалі «ганебнымі» як сам факт сустрэчы, так і выказванні Лукашэнкі пра гэтую тэрыторыю як пра «новы рэгіён» Расіі і яго гатоўнасць падтрымліваць акупацыйны рэжым і гандляваць з ім.

Украінскія дыпламаты нагадалі, што паводле міжнароднага права ўсе здзелкі з акупацыйнымі ўладамі з’яўляюцца нікчэмнымі і будуць мець выключна негатыўныя наступствы для Беларусі. Украіна пакідае за сабой права адэкватна рэагаваць, у тым ліку праз узмацненне санкцый і паглыбленне міжнароднай ізаляцыі афіцыйнага Мінска.

Асобна адзначылі і словы Лукашэнкі, што ён «савецкі чалавек» і нібыта лічыць Украіну і Херсоншчыну «сваёй зямлёй». У МЗС нагадалі, што СССР больш за тры дзесяцігоддзі таму знік, і «туды ж, на сметнік гісторыі», рана ці позна трапяць і сам Лукашэнка, і яго сённяшнія госці. Украіна ж, падкрэслілі ў ведамстве, была і будзе адзінай у сваіх міжнародна прызнаных межах.

Чытайце таксама:

Сальда прапанаваў Лукашэнку частку ўзбярэжжа ў Херсонскай вобласці

Лукашэнка сустракаецца з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці

Беларускім здраўніцам прапануюць участкі на акупаваным Расіяй марскім узбярэжжы Украіны

Каментары да артыкула