Галоўны ідэолаг расказаў, як прапагандыстам давядзецца працаваць пасля сустрэчы з Лукашэнкам
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў расказаў пра задачы ў ідэалагічнай працы, якія паставіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з ідэалагічным актывам, гісторыкамі і экспертамі, прысвечанай «Дню народнага адзінства».
Уладзімір Пярцоў
Па словах Пярцова, удзельнікі сустрэчы выказвалі розныя думкі і хацелі пачуць меркаванне Лукашэнкі па розных пытаннях. Што тычыцца ідэалагічнай работы, то Пярцоў падкрэсліў, што да яе ўжо і раней прыцягнулі ўсіх, каго толькі можна:
«Гэта не толькі ідэолагі, ідэалагічная вертыкаль, але і грамадскія аб'яднанні, палітычныя партыі, палітолагі, спікеры».
Цяпер жа Лукашэнка ўсёй гэтай ідэалагічнай арміі паставіў новую задачу:
«Размаўляць з людзьмі. Умець выбудоўваць стратэгічныя камунікацыі, ісці ў калектывы, ісці на любыя самыя нават некамфортныя пляцоўкі, на сустрэчы з людзьмі».
Прытым задачы гэтыя не такія простыя, бо аказалася, што ідэолагі павінны не толькі рабіць выступленні, але і ўмець адказваць на цяжкія пытанні, гаварыць пра рэальныя праблемы людзей, а не проста зачытваць падрыхтаваны тэкст.
Людзей жа, якія ў прынцыпе здольныя працаваць так, па словах Пярцова, зусім мала:
«Гэта асаблівы талент, штучны тавар».
Нібыта акурат людзі з такім асаблівым талентам сёння і былі на сустрэчы з Лукашэнкам ды атрымалі ад яго наказы. А цяпер:
«Я думаю, яны будуць транслявацца ў рамках сустрэч, тэлевізійных праграм і іншых формаў у сродках масавай інфармацыі, каб максімальная колькасць людзей была ахопленая нашай праўдай і тымі наратывамі, якія нам даручае данесці прэзідэнт».
Чытайце таксама:
Пярцоў паскардзіўся, што пасля некаторых прапагандысцкіх лекцый людзі перастаюць падтрымліваць уладу