Пуцін дазволіў Герасімаву ваяваць яшчэ пяць гадоў
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падоўжыў тэрмін службы начальніку Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі Валерыю Герасімаву яшчэ на пяць гадоў. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы, у тым ліку набліжаныя да Міністэрства абароны.
Валерый Герасімаў. Фота: Sefa Karacan/Anadolu Agency via Getty Images
Валерыю Герасімаву 8 верасня споўнілася 70 гадоў — гэта гранічны ўзрост для вайскоўцаў у званні вышэйшых афіцэраў. Але згодна з законам, прынятым у 2021 годзе, для генералаў і маршалаў можа заключацца новы кантракт, калі такое рашэнне прыме прэзідэнт.
Эксперты адзначаюць, што падаўжэнне тэрміну службы сведчыць пра тое, што кіраўніцтва Расіі задаволена дзейнасцю Герасімава, які ўжо больш за тры гады кіруе баявымі дзеяннямі ва Украіне.
Раней журналісты звярталі ўвагу на яго адсутнасць на галоўным этапе вучэнняў «Захад-2025» у Ніжагародскай вобласці, дзе прысутнічаў Пуцін разам з іншымі вайсковымі кіраўнікамі. У Крамлі патлумачылі, што Герасімаў не змог прыехаць, бо быў, маўляў, заняты агульнай каардынацыяй ваенных аперацый.
Чытайце таксама:
Пасля заявы генерала Герасімава на тэлевышцы Купянска паставілі расійскі сцяг на магнітах
Начальнік расійскага Генштаба заявіў, што Расія будзе працягваць вайну