«Тэрарыстка» Дзербыш, якая атрымала 20 гадоў: Следчы прапаноўваў абылгаць Аўтуховіча ў абмен на лягчэйшае пакаранне
Галіну Дзербыш абвінавацілі ў «спробе захапіць уладу» ў Беларусі і асудзілі на 20 гадоў калоніі. Яна расказала Радыё Свабода, як пагаварыла ў аўтобусе з Міколам Статкевічам, як трапіла ў справу «аб захопе ўлады» ў краіне і як рыхтавалася памерці ў турме.
Галіна Дзербыш з вёскі Абухава пад Гродна. Ёй 64 гады. Пабудавалі з мужам свой дом. Ёсць дзеці, унукі. Галіна ўсё жыццё працавала бухгалтарам у калгасе. У снежні 2020 года яе затрымалі і абвінавацілі ва «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі», «акце тэрарызму», «замаху з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
Вынік суда — 20 гадоў зняволення. 11 верасня гэтага года Галіну і яшчэ 51 зняволенага даставілі да літоўскай мяжы ў выніку перамоваў уладаў Беларусі з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША. Цяпер яна ў еўрапейскай краіне, без пашпарта на руках.
«Стала «ворагам народу». Праз мае рукі столькі грошай прайшло. Я ні разу нічога не скрала — ні ў людзей, ні ў дзяржавы», — кажа Галіна.
У пасёлку яе называлі «маці Тэрэзай». Яна дапамагала людзям вырашаць пытанні, ратавала бяздомных катоў і сабак. З 2010 года была назіральніцай на выбарах. Пасля аўтамабільнай аварыі ў пачатку 2000‑х ёй далі другую групу інваліднасці.
Падставай для затрымання ў 2020 годзе стала тое, што яна пусціла трох чалавек пераначаваць. Яна прызнаецца, што рыхтавалася памерці ў турме. Пенсіянерка правяла за кратамі амаль пяць гадоў.
Чорнае адзенне і памада
«З рэчаў у мяне было: двое чорных штаноў, дзве чорныя майкі з доўгім рукавом, дзве чорныя майкі з кароткім рукавом, чорны світар-байка, боты гумовыя, чаравікі чорныя і басаножкі чорныя. Крэм дарагі, дзве бляшанкі, забралі ў СІЗА КДБ пры ператрусе», — пералічвае Галіна рэчы, з якімі яе вывезлі за мяжу.
Таксама ў яе засталіся сродкі гігіены з калоніі. Падчас размовы яна дастае памаду і падфарбоўвае вусны. Успамінае, як штодня ў калоніі фарбавала алоўкам сабе бровы — «каб не апусціцца».
Суразмоўніца кажа, што ў яе забралі ўсе паперы, у тым ліку і па крымінальнай справе. Галіна паказвае даведку, якую выдалі замест пашпарта — на аркушы паперы фармату А4. Дзейнічае яна менш за месяц — да 4 кастрычніка.
«Я яшчэ не веру, што я на волі. Я яшчэ не магу дайсці сама да сябе», — апісвае Галіна свой стан праз некалькі дзён пасля вызвалення.
Яна шмат разоў перапрашае, што ёй цяжка размаўляць, бо ў калоніі не было з кім, і яна амаль адвыкла. Гаворыць па-беларуску, гучна, без доўгіх паўз. Часам сумняваецца ў некаторых словах, як «балаклава» або «структура».
«Я ведаю, што гэта — стол, але не ведаю, як вымавіць гэтае слова», — тлумачыць яна.
Побач з Мікалаем Статкевічам да мяжы
Увечары 10 верасня ў калоніі яе выклікалі на дагляд з усімі рэчамі, — расказвае Галіна Дзербыш. Сказалі, што пераводзяць у іншы атрад. Надзелі медыцынскую маску на вочы, кайданкі — і некуды павезлі. Раней яна пісала прашэнне аб памілаванні.
«Тут хатай і не пахне. Думала, можа, у СІЗА КДБ. Калі на расстрэл — то яшчэ лепш», — дзеліцца яна тым, як думкі змянялі адна адну, калі яе без тлумачэнняў кудысьці вывозілі.
Яе прывезлі ў нейкі будынак і далі падпісаць паперы.
«Я прачытала: «СІЗА КДБ». У мяне адразу ўсё апусцілася. Я падумала, што гэта мой апошні прытулак. Думала, мяне на расстрэл прывезлі, мяне тут знішчаць, можа, не адразу, а паступова закатуюць», — успамінае яна.
Яе змясцілі ў камеру са сценамі і падлогай, абабітымі дэрматынам.
«Мусіць, гэта камера, дзе катаванні. Там, як сабаку, кінулі матрац, сказалі: «Сцялайся». Ні вакна не было, нічога», — расказвае яна.
На наступны дзень яе зноў павезлі. Прыехалі да кар’ера, дзе стаялі аўтобусы. Галіна села ў аўтобус каля акна, перад сярэднімі дзвярыма. Побач з ёй сеў Мікалай Статкевіч. Раней яны былі знаёмыя — ён прыязджаў да яе ў госці, яна яго карміла блінамі. Яны пазналі адзін аднаго, абняліся.
«Бачна, што ў чалавека нездаровая ацёчнасць, што чалавек хворы. Увесь час сядзеў, пульс лічыў і закрываў майкай грудзі. Можа, яму халодна было ці баяўся застудзіцца», — апісвае Статкевіча суразмоўца.
Яна кажа, што ўсю дарогу, пакуль ехалі да мяжы, ціха перагаворваліся з ім, хоць за імі сачыў сілавік.
«Казаў, што яго паважаюць у калоніі. Расказваў, што яго прасілі тыя, хто там сядзіць — хлопцы — каб ён лекцыі чытаў», — пераказвае гутарку з Мікалаем Статкевічам былая палітзняволеная.
Галіна перажывала, што два дні падчас этапу яна не магла расчасаць валасы, бо ў яе забралі грэбень. Яна спытала ў Статкевіча, ці не тырчаць валасы. З усмешкай узгадвае ягоны адказ:
«Прыгажосць нічым не сапсуеш».
Былая зняволеная кажа, што Статкевіч першым здагадаўся, што іх вязуць да мяжы, па знаках з назвамі населеных пунктаў, якія яны мінавалі. Ён сказаў ёй, што не паедзе з Беларусі.
«Кажу: «Дык яны закатуюць вас». А ён: «Ну і што? Я не паеду! Чаму я павінен пакідаць Беларусь? Я буду бунтаваць! Нічога не зменіцца. Я за мяжу не паеду. На якой падставе я павінен туды ехаць?» Я яго ўгаворвала, каб паехаў з намі. А ён: «Не, я яшчэ паваюю!»», — пераказвае яна гутарку.
Калі аўтобусы з вызваленымі заехалі на нейтральную паласу, кадэбісты, што ехалі разам з імі, выйшлі, расказвае суразмоўца.
«Яны выскачылі. Тут жа зачыніліся дзверы, і аўтобус паехаў далей. Тут Коля выбег: «Адчыні дзверы!» Вадзіцель не хацеў адчыняць. Мікалай стаў стукаць у дзверы, кажа: «Зараз шкло выб’ю ў аўтобусе». Стаў стукаць у шкло. І тады той адчыніў дзверы. І Мікалай пайшоў. І мы яго больш не бачылі. Толькі Мікалай выйшаў — той даў па газах, і мы паехалі», — расказвае Дзербыш, як Статкевіч адмовіўся ад прымусовага вывазу за мяжу.
Галіна дадае, што ўжо ў Вільню паехалі пакеты Статкевіча. Адна торба — з рэчамі, другая — з лекамі.
«Я дагэтуль не ведаю, што я зрабіла, каб захапіць уладу»
«Я ніколі гэтага не забуду», — кажа Дзербыш пра дзень свайго затрымання.
Па яе прыйшлі дадому ў Абухава 10 снежня. Яна ўвечары выпіла гарбаты і збіралася на вуліцу карміць жывёлу. У дзверы пастукалі. Гэта былі людзі ў цывільным.
«Адчыняю дзверы — і пяць ці шэсць чалавек у хату завальваюцца. Адразу рукі заламалі», — успамінае суразмоўца.
Па яе словах, яе павезлі ў аддзел Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў Гродне. Чаму затрымалі — не казалі. На допыце яна зразумела, што стала падставай. Менш чым за месяц да таго яна пусціла ў свой дом на начлег Мікалая Аўтуховіча разам з двума паплечнікамі. Сярод іх быў Павел Сава, які пазней таксама стаў фігурантам «справы Аўтуховіча».
«Аўтуховіч патэлефанаваў. Пытаецца: «Я буду ў Гродне ў справах. Ці можна ў вас пераначаваць?» Я кажу: «Ну добра». Думала, не праблема — хата вялікая, месца хопіць», — успамінае яна.
У той вечар, кажа Галіна, яны ўпершыню сустрэліся з Аўтуховічам асабіста. Да гэтага сябравалі ў фэйсбуку. Ён публікаваў допісы пра «афганцаў», Дзербыш іх каментавала. Кажа, што паважае «афганцаў». Тады, па яе словах, яны не абмяркоўвалі ні захопу ўлады, ні іншых планаў.
Сярод абвінавачанняў групе людзей у «справе Аўтуховіча» быў падпал некалькіх аўтамабіляў і дамоў сілавікоў у Гродне і Ваўкавыску. Адным з доказаў віны Галіны Дзербыш стала квітанцыя з аўтазапраўкі пад Ваўкавыскам, дзе яна заправіла машыну ў верасні — за два месяцы да затрымання.
Галіна тлумачыць, што ў іх тады памерла каўказская аўчарка. Яны знайшлі шчанюка гэтай жа пароды ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці і паехалі па яго ў вёску. Па дарозе заехалі на запраўку каля Ваўкавыска. Квітанцыю пры ператрусе знайшлі ў сметніцы. Яна не разумее, чаму гэты дакумент далучылі да крымінальнай справы.
«Як гэта чалавек у 60 гадоў, пенсіянер, інвалід другой групы, не маючы нічога, стаў тэрарыстам — без доказаў?.. Калі б я зрабіла такую здраду, то не чакала б, не сядзела б дваццаць дзён. Маючы пашпарт, польскае грамадзянства, я б з’ехала», — кажа палітзняволеная.
Яна распавядае, што следчы прапаноўваў ёй абылгаць Аўтуховіча. Узамен абяцаў перакваліфікаваць справу ў «хуліганства», за якое далі б лягчэйшае пакаранне. Яна адмовілася. У справе было каля 200 тамоў.
«Дагэтуль не ведаю, што я зрабіла, каб захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам», — усміхаецца Галіна.
Яна мяркуе, што яе пасадзілі дзеля прэмій і кар’еры.
«Ім трэба было кагосьці пасадзіць. І патрэбна была сенсацыя. Падаюць зорачкі ім на пагоны. Ім усё роўна на людзей», — лічыць яна.
Суразмоўніца кажа, што спачатку пасля затрымання была ў шоку.
«Першыя два дні мне не давалі есці. Не давалі лекаў, якія я павінна была прымаць рэгулярна. Я губляла прытомнасць, а яны мяне цягнулі на допыты», — кажа яна.
Галіна сядзела ў СІЗА КДБ, якое знаходзіцца на тэрыторыі гродзенскай турмы. У траўні 2021 года яе змясцілі ў адзіночную камеру на 14 месяцаў. Яна тлумачыць, што для яе «адзіночка» была лепшай, чым камера, дзе ўсе кураць.
Хацела адмовіцца ад беларускага грамадзянства
Увосень 2021 года стала вядома, што Галіна Дзербыш хоча адмовіцца ад беларускага грамадзянства з-за турмы. У размове са «Свабодай» яна кажа, што польскае грамадзянства мела даўно — праз польскія карані. Родныя жывуць у Польшчы. Яна сама не планавала з’язджаць з Беларусі.
«Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся», — кажа яна.
Галіна расказвае, што тройчы падавала заявы і хадайніцтвы ў суд, каб адмовіцца ад грамадзянства Беларусі. Па яе словах, гэта быў прынцыповы жэст. Але завяршыць працэдуру ёй не далі. Яна хацела паказаць, што не хоча быць грамадзянкай краіны, «дзе людзей без прычыны абвінавачваюць і садзяць у турмы».
«Навошта мне грамадзянства краіны, якая сваіх грамадзян не шануе, а знішчае?» — пытаецца яна.
«Я б не дасядзела з маім станам здароўя»
«Дваццаць гадоў у плечы», — так каментуе свой прысуд Галіна Дзербыш.
Іншым фігурантам справы далі да 25 гадоў калоніі. Санкцыі іх артыкулаў дапускалі нават расстрэл. Але жанчын у Беларусі не караюць смерцю. Нікому з іншых таксама не прысудзілі «вышэйшую меру». Яна ўзгадвае, што падчас агучвання прысуду фігуранты справы пляскалі ў далоні суддзі Максіму Філатаву, які разглядаў іх справу. Ветэран афганскай вайны і грамадзкі актывіст Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны па 10 артыкулах і атрымаў 25 гадоў зняволення.
«Я б не дасядзела з маім станам здароўя. Яшчэ год-два — і ўсё. У мяне не было здароўя. А пасля катаванняў стала зусім кепска», — кажа пенсіянерка.
У Галіны падчас зняволення, па яе словах, павялічылася печань з-за няякасных лекаў, з’явіліся праблемы з пазваночнікам і падстраўнікавай залозай. Яна спадзявалася, што яе вызваляць раней, магчыма — як грамадзянку Польшчы. Але калі не вызваляць — разважала, як самастойна завяршыць жыццё. Адзін з варыянтаў — перастаць прымаць неабходныя лекі. Яна не выключала, што памрэ ў турме.
Акрамя зняволення, яна павінна была выплаціць каля 30 тысяч рублёў штрафу і «кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды» сілавікам, якім фігуранты справы нібыта пашкодзілі маёмасць. Галіна кажа, што ўжо выплаціла ўсю суму.
«Падайце беднай палітычнай на хлеб»
Адбываць тэрмін Галіну накіравалі ў жаночую калонію № 4 у Гомелі. Яна як пенсіянерка не павінна была працаваць. Толькі падчас дзяжурстваў прыбірала памяшканні. У астатнім, кажа яна, на ўзрост там не зважаюць.
«У турме сяброў няма. Можаш кагосьці падкарміць — а ён усё роўна цябе здасць. «Жоўтыя» (палітвязні на прафілактычным уліку з жоўтай біркай) многія пераабуліся і даносілі на іншых «жоўтых»», — адзначае яна.
Людзі вакол яе сталі найцяжэйшым выпрабаваннем. Найгоршае — калі іншыя зняволеныя пісалі рапарты на яе за выдуманыя парушэнні. У выніку яе пазбаўлялі спатканняў з роднымі. За некалькі гадоў у калоніі ёй дазволілі толькі два спатканні.
Галіна распавядае, што ў яе пастаянна кралі прадукты. Жанчыны там, па яе словах, хадзілі напаўгалодныя. Яна навучылася хаваць сваё ў скрынях адна ў адной. Але нават гэта не заўсёды ратавала. Калі родныя перадавалі пернікі, яна рабіла торт: ламала іх, залівала ражанкай з турэмнай крамы, выкладвала пластамі і ела лыжкай.
Пенсіянерка кажа, што яе тройчы аблівалі кіпнем — нібыта выпадкова. Але яна ўпэўнена, што гэта было на загад адміністрацыі. Адказаць яна не магла — яе маглі б змясціць у штрафны ізалятар.
Каб абараніць сябе, яна навучылася троліць супрацоўнікаў і зняволеных сваім гумарам:
«Ты сем гадоў атрымала — аднаго «заваліла». Уяві, я дваццаць атрымала — значыць, траіх «завалю». Ты першая будзеш», — кажа яна пра тое, як абыгрывала тэрмін.
Аднойчы Галіна прыгразіла тым зняволеным, якія да яе чапляліся, што як выйдзе на волю, сустрэнецца са Святланай Алексіевіч і раскажа ёй пра іх, назаве імёны, а тая напіша кнігу, а потым іхныя дзеці і ўнукі будуць гэта чытаць. Аднак, дадае, не ўсе ведалі, хто такая Алексіевіч.
Цяпер былая палітзняволеная ў разгубленасці. Яна не ведае, як жыць далей.
«Я не думала, што мяне вышлюць. А цяпер не ведаю, што рабіць. Пайду міласціну прасіць. Шыльду напішу: «Палітзняволеная з Беларусі, якую выкінулі. Усё жыццё адпрацавала. Падайце беднай палітычнай на хлеб». Я не ведаю. Трэба ж неяк жыць. Туды вярнуся — зноў пасадзяць», — разважае яна.
Пенсіянерка плануе шукаць за мяжой працу. Таксама яна хацела б прайсці медычнае абследаваньне і паправіць здароўе.