БЕЛ Ł РУС

У Літве затрымалі больш за 50 тон напаўняльніка для каціных туалетаў. Груз прызначаўся для Беларусі

19.09.2025 / 16:42

Nashaniva.com

Супрацоўнікі Клайпедскай мытні затрымалі два марскія кантэйнеры, у якіх знаходзілася больш за 50 тон напаўняльніка для каціных туалетаў. Высветлілася, што гэты груз трапляе пад міжнародныя санкцыі, а ягоная перавозка ў Беларусь забароненая, піша Delfi.

Кантэйнеры прыбылі ў порт Клайпеды з нямецкага Гамбурга, а прызначаліся яны для дастаўкі ў Беларусь. Адпраўнікам грузу была кітайская кампанія. Прадстаўнік кампаніі падаў дзве транзітныя дэкларацыі, у якіх пазначалася, што ў кантэйнерах знаходзіцца звычайны напаўняльнік для каціных туалетаў.

Аднак падчас фізічнай праверкі мытнікі заўважылі, што груз, магчыма, адзначаны няправільным кодам тавару, які не адпавядае рэальнай класіфікацыі. Падазрэнні пацвердзіліся: калі выкарыстоўваць правільны код, напаўняльнік трапляе ў катэгорыю тавараў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, а таму яго перавозка ў Беларусь забароненая.

За такое парушэнне міжнародных санкцый прадугледжаная адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 515 літоўскага Кодэкса аб адміністрацыйнай адказнасці. Асобы, якія нясуць адказнасць за гэты груз, могуць атрымаць штраф да 6000 еўра, тавар таксама можа быць канфіскаваны.

Чытайце таксама:

Будрыс: ЕС не стане больш мяккім з-за таго, што ЗША знялі санкцыі з «Белавія»

Ці можна везці з ЕС у Беларусь больш за 60 еўра наяўнымі? Адказалі ў мытні Літвы

Бізнэс не ведае, як зараз даставіць тавары з Еўрасаюза ў Беларусь. Цэны на дастаўку шакуюць

Каментары да артыкула