На толькі што адкрытай польскай мяжы ўжо ўтварылася чарга з трох тысяч аўтамабіляў
Сёння ноччу Польшча адкрыла мяжу з Беларуссю, якая была закрыта з 12 верасня.
Польскія памежнікі прыбіраюць агароджы на мяжы. Фота: БелТА
Па стане на 06:00 раніцы чацвярга, электронная чарга фіксуе на памежным пераходзе «Брэст» 3123 легкавыя аўтамабілі і 45 аўтобусаў. У «Казловічах» стаяць 1015 грузавых аўто.
Да 8 раніцы чарга заўто зменшылася — у ёй стала 2946 легкавікоў.
Беларускія мытнікі на польскай мяжы пачалі афармляць транспарт учора ў 23:15. Першы ж пасажырскі аўтобус на польскіх нумарах аказаўся адным з апошніх, якія не паспелі перасекчы мяжу перад закрыццём польскага шлагбаума ў ноч на 12 верасня. Ён ішоў па маршруце Гомель — Магілёў — Брэст — Варшава — Познань.
Яшчэ напярэдадні аўтобус накіроўваўся да літоўскай мяжы, аднак па дарозе перавозчыку паступіла паведамленне, што Польшча вяртае адкрыццё мяжы. Яны адразу змянілі кірунак: перавозчык перанакіраваў кіроўцу і пасажыраў на беларуска-польскі ўчастак. Група чакала перасячэння мяжы з вечара 23 верасня.
На літоўскай мяжы ў «Каменным Логу» стаяць сёння раніцай 260 легкавікоў, у «Беняконях» — 130.