БЕЛ Ł РУС

«Вялікае супрацьстаянне паміж Расіяй і Еўропай». Што адбываецца ў Малдове напярэдадні выбараў

25.09.2025 / 8:40

Nashaniva.com

Перад парламенцкімі выбарамі, што могуць вызначыць еўрапейскую будучыню Малдовы, улады краіны заяўляюць пра спробы Масквы сарваць галасаванне праз падрыхтоўку беспарадкаў, фэйкі ў сацсетках і падкуп выбаршчыкаў. Спецслужбы кажуць пра каардынацыю з боку ГРУ і фінансаванне праз структуры, звязаныя з уцекачом Іланам Шорам. Усё гэта адбываецца на фоне вялікага геапалітычнага супрацьстаяння ў Еўропе.

Жанчына побач з былым гатэлем «Нацыяналь», фасад якога пафарбаваны ў колеры сцяга Малдовы. Фота: Pierre Crom / Getty Images

Менш чым за тыдзень да парламенцкіх выбараў у Малдове затрымалі 74 чалавекі. Іх падазраюць у падрыхтоўцы беспарадкаў падчас галасавання. Паводле дадзеных уладаў, затрыманыя прайшлі навучанне на грошы Расіі ў Сербіі, піша «Настоящее время». 

«Чалавек з пазыўным «Бес»

Большасць з затрыманых — гэта мужчыны ва ўзросце ад 19 да 45 гадоў. Паводле даных малдаўскіх спецслужбаў, яны мусілі арганізаваць масавыя беспарадкі падчас парламенцкіх выбараў, што адбудуцца бліжэйшай нядзеляй — 28 верасня.

«За планаваннем і каардынацыяй у Сербіі, згодна з нашымі данымі, стаіць чалавек з пазыўным «Бес», які прадстаўляў адну з расійскіх спецслужбаў. Яго асоба будзе вызначана ў найбліжэйшы час. Адначасова іншы прадстаўнік расійскіх спецслужбаў, які займаўся каардынацыяй некалькіх груп у Рэспубліцы Малдова, — грамадзянін Расіі Андрэй Уладзіміравіч Паўлаў, афіцэр галоўнага ўпраўлення ваеннай разведкі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, яна ж ГРУ», — паведаміў дырэктар Службы інфармацыі і бяспекі Аляксандр Мусцяца.

У Малдове затрымалі больш за 70 чалавек. Яны маглі прайсці навучанне на грошы Расіі, каб сарваць парламенцкія выбары.

Расійскія ж медыя цытуюць заяву Службы знешняй разведкі, якая ў адказ абвінаваціла Еўразвяз у планах «акупаваць Малдову», пасля чаго дэпутатка Дзярждумы Алена Аршынава заявіла, што ў Малдове «на аўтазапраўцы» ўжо заўважылі салдат у вайсковай форме Францыі.

«Сёння з усёй сур’ёзнасцю я кажу вам, што наш суверэнітэт, незалежнасць, цэласнасць і еўрапейская будучыня знаходзяцца пад пагрозай. Крэмль кідае сотні мільёнаў еўра, каб купіць сотні тысяч галасоў па абодва бакі Днястра і за межамі краіны», — сказала прэзідэнтка краіны Мая Санду.

«Асабліва актыўныя ў Малдове»

Падчас леташняга рэферэндуму пра еўраінтэграцыю Крэмль ужо займаўся прамым падкупам галасоў. Гэта не дапамагло, і прыхільнікі курсу Санду атрымалі перамогу.

Спецслужбы Расіі працягваюць спробы ўплываць на выбары ў Малдове, паведамілі журналісты Bloomberg і BBC. Паводле іх даных, у Крамлі распрацавалі план, каб перашкодзіць уступленню Малдовы ў Еўразвяз і ўмацаванню сувязяў краіны з Украінай, адхіліўшы ад улады партыю «Дзеянне і салідарнасць» (PAS) на чале з Маей Санду.

«Тактыка ўключае ў сябе вярбоўку малдаван за мяжой, у тым ліку ў Расіі, для галасавання на выбарчых участках у ЕС і іншых краінах, прыцягненне іншых асоб да арганізацыі дэструктыўных пратэстаў і маштабную кампанію па дэзінфармацыі ў сацыяльных сетках, як вынікае з дакументаў», — гаворыцца ў артыкуле Bloomberg.

Расследаванне на аналагічную тэму апублікавала выданне BBC. Рэпарцёр пад прыкрыццём укараняўся ў прарасійскую сетку, што каардынавалася праз Telegram і фінансавалася праз звязаны з малдаўскім алігархам Іланам Шорам «Промсвязьбанк».

Іх навучалі, як ствараць фэйкі з дапамогай штучнага інтэлекту, а затым абяцалі па тры тысячы леяў на месяц (прыкладна $170) за публікацыі ў Facebook і TikTok пастоў і відэа, што дыскрэдытуюць Санду і яе ўрад (у прыватнасці, абвінавачвалі Санду ў «гандлі дзецьмі»).

Журналісты высветлілі, што сетка складаецца як мінімум з 90 TikTok-акаўнтаў, некаторыя з якіх выдаюць сябе за сапраўдныя навінавыя агенцтвы.

Паводле даных BBC, толькі ў TikTok тысячы такіх ролікаў набралі больш за 23 мільёны праглядаў. Для параўнання: усё насельніцтва Малдовы — амаль у 10 разоў меншае.

«Мы адсочваем аперацыі Расіі з поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе і навучыліся заўважаць сляды расійскіх спецслужбаў у многіх розных краінах. Мы прасачылі іх працу ва ўсёй Усходняй Еўропе — яны былі асабліва актыўныя ў Малдове. Там праходзяць вельмі важныя выбары, у тым ліку галасаванне пра пазіцыю Малдовы ў адносінах да Еўрапейскага Саюза. У пэўным сэнсе гэта першае буйное супрацьстаянне паміж Расіяй і Еўропай», — сказаў «Настоящему Времени» дырэктар Reset Tech Бэн Скот.

Журналісты BBC звярнуліся за дадатковай ацэнкай у амерыканскую кампанію Digital Forensic Research Lab. Паводле іх даных, з студзеня ролікі троляў у TikTok паглядзелі больш за 55 мільёнаў разоў. Гэтыя пасты атрымалі больш за два мільёны лайкаў.

І гэта небяспечна: галоўная задача расійскай улады на бліжэйшых выбарах — правесці ў малдаўскі парламент мінімум 51 лаяльнага да сябе дэпутата, што дазволіць сфармаваць большасць, здольную заблакаваць любы непажаданы Крамлю законапраект і нават абвясціць імпічмент Маі Санду.

23 верасня ў Расіі апублікавалі тэкст, у якім сцвярджаецца, што ў Бруселі могуць планаваць правакацыі супраць размешчаных у Прыднястроўі вайскоўцаў арміі Расіі. Незалежнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.

Прэзідэнтка Мая Санду ў сваім апошнім звароце сказала, што ў выпадку перамогі прарасійскіх сіл Малдова можа стаць плацдармам для аперацый расійскіх вайскоўцаў у Адэскай вобласці Украіны.

Раней пра тое, што Расія можа размясціць у непрызнаным Прыднястроўі 10 тысяч салдат, заяўляў прэм’ер-міністр Малдовы Дарын Рэчан.

Эксперт у галіне бяспекі малдаўскай грамадскай арганізацыі Watchdog Андрэй Курорару тлумачыў «Настоящему Времени», у чым заключаецца гэты сцэнар:

калі выбары выйграе партыя, звязаная з уцекачом алігархам Іланам Шорам, новыя ўлады краіны могуць прапанаваць рэферэндум пра ўступленне ў Саюзную дзяржаву Расіі і Беларусі і ў АДКБ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула